Хто з суседзяў плаціць самы вялікі падатак з дэпазітаў

Хто з суседзяў плаціць самы вялікі падатак з дэпазітаў

У Літве, напрыклад, ён роўны 15%. Але толькі з прыбытку, які перавышае 3000 еўра ў год.

З 1 красавіка 2016 года беларусы будуць плаціць падатак на прыбытак, атрыманы з банкаўскіх укладаў — 13%. Выключэнне — для доўгатэрміновых укладаў. Больш чым на год для валютных укладаў і больш чым на два гады — для рублёвых.

Еўрарадыё даведалася, якую частку з прыбыткаў па ўкладах аддаюць сваім дзяржавам суседзі.

 

Літва

“Вас цікавяць не дывідэнды, а прыбытак па банкаўскім укладзе? Здаецца, увялі нешта ў мінулым годзе. Я зараз даведаюся, перазваніце праз 5 хвілін”, — кажа супрацоўнік прэс-службы Падатковай інспекцыі пры Міністэрстве фінансаў Літвы.

Праз пяць хвілін расказвае: такі падатак у Літве насамрэч ёсць, праўда ён моцна адрозніваецца ад беларускага. Паўночныя суседзі аддаюць частку прыбытку з дэпазітаў дзяржаве толькі тады, калі яго агульная сума перавышае 3000 еўра ў год. Памер падатку крыху большы, чым у Беларусі — 15%. Але ёсць важны нюанс. Калі літовец заробіць на дэпазітах за год 3100 еўра, заплаціць у бюджэт ён павінен усяго 15 еўра — падаткам абкладаецца толькі тая сума, на якую перавышаныя запаветныя 3000.

 

Расія

Ва ўсходніх суседзяў памер падатку на прыбытак ад дэпазітаў залежыць не ад яго памеру, а ад працэнта, пад які пакладзеныя грошы. Плаціць давядзецца толькі тады, калі ён на 10% большы, чым расійская стаўка рэфінансавання. То бок — 18,25% агулам. Такія нормы прапісаныя ў 27 пункце 217 артыкула расійскага Падатковага кодэкса.

Атрымліваецца, што з прыбыткаў па валютных укладах расіяне фактычна не плацяць падаткаў. Больш за тое, працэнты па ўкладах у расійскіх рублях таксама не дацягваюць да падаткаабкладання. Напрыклад, максімальны працэнт па рублёвым дэпазіце ў папулярным “Альфа-банку” (уклад “Самы высокі прыбытак”) — толькі 10.25%.

 

Украіна

Тут сітуацыя кардынальна іншая — у канцы 2014 года Кабінет міністраў унёс змены ў падатковы кодэкс і памер падатку на так званы “пасіўны прыбытак”, да якога адносяць і прыбыткі з дэпазітаў, павялічылі з 15 да 20%. Таму нашы паўднёвыя суседзі аддаюць дзяржаве ажно пятую частку заробленых на ўкладах грошай. Прычым, незалежна ад таго, на які тэрмін уклад быў зроблены і ў якой валюце.

 

Польшча

На захад ад Беларусі памер падатку роўны абсалютна для ўсіх відаў атрыманага прыбытку — 19%. Указаць усе сумы заробленых рознымі спосабамі грошай (у тым ліку, па дэпазітах) трэба самастойна штогод у падатковай дэкларацыі.

 

Фота bprofi.kz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі