Каму і як давядзецца плаціць падатак з адсоткаў па банкаўскіх укладах

Каму і як давядзецца плаціць падатак з адсоткаў па банкаўскіх укладах

З 1 красавіка беларусы пачынаюць плаціць падаходны падатак (13%) з адсоткаў па банкаўскіх укладах. Змены ўводзяцца дэкрэтам прэзідэнта №7 “Пра прыцягненне грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)”. Старшы фінансавы аналітык “АльпарыВадзім Іосуб тлумачыць Еўрарадыё, хто менавіта і якім чынам будзе аддаваць частку прыбытку дзяржаве.

“Для таго, каб працэнты па ўкладзе абкладаліся падаткам, павінны супадаць тры ўмовы, — кажа аналітык. — Уклад мусіць быць адкрыты пасля 1 красавіка. Другое — уклад мусіць быць кароткатэрміновым. То бок грошы на ім павінны ляжаць менш за год для беларускіх рублёў і менш за два гады для валюты. Па трэцяе, стаўка па гэтым укладзе не мусіць перавышаць стаўку па ўкладзе да запатрабавання ў гэтым жа банку”.

Калі хоць адзіная з пералічаных умоваў не выконваецца, то падаткам вашы адсоткі абкладацца не будуць. Але варта памятаць, што, калі скончыцца тэрмін ўкладу, які вы адкрылі да 1 красавіка, і вы вырашыце яго працягнуць, то, фактычна, па дакументах, ён будзе лічыцца новым, і вось тут ужо давядзецца дзяліцца з дзяржавай.

“Уявім, што ў вас доўгатэрміновы ўклад і па ім адсоткі не мусяць абкладацца падаткам. Але вы здымаеце з яго грошы датэрмінова (для рублёў менш, чым праз год, а для валюты — менш, чым праз два гады), у гэтым выпадку адсоткі будуць абкладацца падаткам”.

Ёсць нюанс, пры якім плаціць падатак не давядзецца. Ва ўмовах укладу можа быць прапісана, што калі здымаеш яго датэрмінова, то па ім плаціцца адсотак такі ж, як па ўкладзе да запатрабавання. Адпаведна, адна з трох умоваў не выконваецца. Але наўрад ці такі варыянт спадабаецца самім укладчыкам. Бо сёння адсотак па рублёвым укладзе да запатрабавання не вышэйшы за 3%, а па валюце — не вышэйшы за 0.2%.

Каму і як давядзецца плаціць падатак з адсоткаў па банкаўскіх укладах

“Калі ў вас уклад на год і працэнты па ім не абкладаюцца падаткам, але праз паўгода вы вырашылі яго папоўніць. Тэрмін укладу завяршаецца, вы забіраеце грошы. Дык вось падатак з адсоткаў на суму, якая ў банку фактычна праляжала паўгода, давядзецца заплаціць. А з той сумы, што ляжала год — не”.

старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб

У выпадку, калі вы не здымаеце адсоткі, а пакідаеце іх на рахунку, то гэта не лічыцца папаўненнем укладу і плаціць падатак з “дададзеных” грошай не давядзецца.

Асаблівых ільгот дэкрэт № 7 не прадугледжвае. Але гаворка вядзецца пра звычайны падаходны падатак, таму на яго распаўсюджваюцца і стандартныя льготы ды вылічэнні. Напрыклад, калі агульны прыбытак грамадзяніна не перавышае 5 010 000 у месяц, то 13% плаціцца не з поўнай сумы прыбытку. Такая ж сітуацыя і ў выпадку, калі жонка знаходзіцца ў дэкрэце, дзеці атрымліваюць першую вышэйшую адукацыю ў беларускай ВНУ і гэтак далей. Але гэтыя “падатковыя вылікі” звычайна ўлічваюцца падчас аплаты падаходнага падатку на асноўным месцы працы.

“Калі ж чалавек не працуе, і не мае іншых даходаў апроч гэтых адсоткаў з укладу, то з яго ўсё адно будзе здымацца 13% падатку, — працягвае эканаміст. — Але па выніках года ён можа запоўніць падатковую дэкларацыю і звярнуцца ў сваю падатковую па месцы жыхарства. І яму вернуць частку заплачанага падатку, ці нават цалкам яго, за кошт вось гэтых вылікаў, на якія ён мае права на агульных умовах”.

Дарэчы, укладчыку не давядзецца самому займацца аплатай падатку. Гэтую справу бярэ на сябе банк і вылічвае грошы ў дзень фактычнай выплаты адсоткаў па ўкладзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі