"Хуткую не выклікалі хвілін 20-40". Гісторыі гасцей смяротнай экстазі-вечарынкі

Еўрарадыё
Еўрарадыё

"Усё, што адбылося ў той вечар, лічу вялікай памылкай. Не трэба было гэтага рабіць", — распавядае 18-гадовая Соф'я З. Дзяўчына разам з шасцю сябрамі і сяброўкамі пачынае новы год на лаве падсудных. У жніўні 2018 года кампанія святкавала дзень нараджэння. Маладыя людзі скінуліся і купілі псіхатроп — экстазі. Прыняўшы наркотык, адна з дзяўчат адчула сябе дрэнна і пазней памерла.

"Мелі намер, дзейнічалі па папярэдняй змове і з размеркаваннем роляў. Купілі псіхатропнае рэчыва масай не менш за два грамы", — зачытвае абвінавачанне пракурор. На падставе часткі 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса кожнаму з кампаніі пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Журналістка Еўрарадыё пабывала на допыце ў судзе і запісала гісторыі юных абвінавачаных.

Вечарам 4 жніўня ў мінскай кватэры, дзе жыла 19-гадовая студэнтка Дыяна Л., прайшла сяброўская вечарына. Кампанія адзначала дзень нараджэння хлопца Дыяны. Частка кампаніі збіралася паступаць вучыцца за мяжу — сябры разумелі, што наступная магчымасць сабрацца разам будзе не хутка. Разбавіць весялосьць вырашылі псіхатропам MDMA, вядомым таксама як экстазі. Можа быць, пра гэты выпадак ніхто б і не даведаўся, але Дыяна, прыняўшы наркотык, памерла.

Соф'я З .: "Аднойчы я ўжо спрабавала наркотыкі"

Бацькі Соф'і разведзеныя. Дзяўчына жыве з мамай і братам, але кантактуе і з бацькам. Не паступіўшы ў мінулым годзе ў ЕГУ, яна запісалася на курсы барыста. Аднойчы ўжо спрабавала MDMA, захацелася паўтарыць.

"На агульных сустрэчах мы абмяркоўвалі спосабы пакупкі і тое, што на аднаго чалавека трэба браць 300 мг рэчыва, — успамінае Соф'я. — Купляць вырашылі праз інтэрнэт. Звярнуліся да Антона Б. Ён дапамог перавесці сабраныя мной грошы ў біткоіны. Мы скінуліся не менш чым па 17 рублёў кожны. Выйшла каля 150 рублёў. Антон праз Telegram даслаў адрас біткоіншчыка, я адвезла яму грошы ў Малінаўку. Крыху не хапіла, заклала свае".

"Скорую не вызывали минут 20-40". Истории гостей смертельной экстази-вечеринки

Далей Соф'я паведаміла Антону, што грошы перададзеныя, скінула яму спасылку на крамы, дзе прадаецца MDMA, папрасіла набыць. Праз некаторы час Антон скінуў адрас закладкі. Частка кампаніі забрала яе ў лясным масіве ў раёне вуліцы Ангарскай.

Соф'я коратка апісвае вечар, калі сябры сабраліся на вечарыне ў гасцях у Дыяны: "Я прыйшла каля 19:00. Віншавалі, размаўлялі. Потым Дыяна вынесла ў гасцёўню скрутак, талерку і белыя касметычныя шчыпчыкі. Я дастала капсулы ад вітамінаў. З дапамогай шчыпчыкаў пачалі дзяліць дозы. Усяго выйшла 16 капсул. У расфасоўцы ўдзельнічалі Ілля, Дыяна, Федзя. Паспрабавала. Пры мне ўжылі яшчэ Ілля і Федзя, потым, быццам бы, Кіра. Праз час (мы паставілі таймер) я ўжыла яшчэ адну капсулу. Капсулы ляжалі на талерцы".

Па словах Соф'і, Антон і Маша Б. далучыліся да свята каля 21:00.

"Размаўлялі. У нейкі момант Дыяне стала дрэнна. Прыехала хуткая. Пасля таго як лекары абвясцілі пра Дыянiну смерць і з'ехалі, Каця адправілася дадому. Яе адвёз наш агульны знаёмы Ягор Л., якога не было на вечарыне. Потым ён жа падкінуў нас на здымную кватэру Антона. У кватэры, дзе жыла Дыяна, застаўся Ілля. Дома ў Антона мы размаўлялі. Вядома, думалі, што могуць выклікаць па справе. Абмяркоўвалі, што маем права адмовіцца ад дачы паказанняў".

Кіра А .: "Вырашыла супрацоўнічаць са следствам, хацелася выйсці з СІЗА"

У мінулым годзе Кіра паступіла ў БНТУ на дызайнера, але з-за зняволення не змагла пачаць вучобу. Хто купляў наркотыкі, дзяўчына не ведае.

"На вечарыне наркотыкі расфасавалі ў 16 капсул з-пад вітамінаў з дапамогай вагаў, якія Соф'я дастала з заплечніка. Пасля таго як я прыняла адну капсулу, стала добра, хацелася весяліцца і танцаваць".

Адвакат Марыі пытаецца, чаму пры першым допыце Кіра казала пра 12 капсул.

"Спрабавала ўтаіць, што Антон і Маша ўжывалі наркотыкі з намі разам, — адказвае дзяўчына. — Я не думала пра наступствы. Потым вырашыла супрацоўнічаць са следствам, хацелася выйсці з СІЗА".

Суддзя удакладняе, ці не цісне на Кіру нехта цяпер, ці кажа яна праўду. Кіра адказвае, што цяпер яе паказанні шчырыя.

Фёдар К.: "Не згодны, што была папярэдняя змова з Машай і Антонам"

Фёдар збіраецца паступаць у Акадэмію мастацтваў, ходзіць на курсы па камп’ютарнай анімацыі. Кажа, што з большасцю рабят знаёмы даўно, але з Антонам пазнаёміўся толькі летам 2018 года. Хто вёў перапіску з прадаўцом, не ведае. З абвінавачваннямі часткова не згодны.

"Скорую не вызывали минут 20-40". Истории гостей смертельной экстази-вечеринки
На фота абвінавачаны Антон Б. з адвакатам

"Не згодны з тым, што была папярэдняя змова з Антонам і Машай, я наогул з імі гэта не абмяркоўваў, — тлумачыць хлопец. — З іншымі ўдзельнікамі вечарыны мы вырашылі набыць экстазі падчас абмеркаванняў (тэрмін "змова" я наогул бы не ўжываў). Набывалі, каб добра правесці час, я не ўяўляў, якія могуць быць наступствы. Таксама я не згодны з колькасцю рэчыва, якую нам ставяць у віну. Я не магу казаць пра тое, чаго не ведаю. Можа, маса кімсьці і абмяркоўвалася, але не ў маёй прысутнасці. Я ўвогуле ў гэтым не разбіраюся, наркотык называў "экстазі", здаецца, гэта ідэнтычна MDMA. На вечарынцы ужыў дзве капсулы".

"Цяпер вельмі шкадую і раскайваюся", — дадае Фёдар.

Ілля С. (хлопец загінулай Дыяны): "Пачаліся правалы ў памяці. Два месяцы правёў у РНПЦ псіхічнага здароўя"

Ілля вучыцца на 2-м курсе Акадэміі музыкі. З усімі хлопцамі і дзяўчатамі знаёмы каля двух гадоў, з некім крыху больш. У першы раз псіхаактыўныя рэчывы паспрабаваў на Дні нараджэння Дыяны 14 ліпеня. Паўтарыць вопыт вырашылі на вечарынцы, прысвечанай Дню нараджэння Іллі.

"Рашэнне было агульнае, але Соф'я і Антон пры мне нічога не абмяркоўвалі. Не ведаю, чаму ўсе спыніліся на MDMA, але асабіста я чытаў у інтэрнэце, што гэта найбольш бяспечны наркотык. У асноўным, усё пра нашы планы даведваўся ад Дыяны, яна з усімі кантактавала. Таксама мне невядома, як ажыццяўлялася купля. За дзень да вечарынкі я быў ў Дыяны, да нас прыехалі Фёдар і Кіра, прывезлі скрутак, заматаны ізастужкай".

Па словах Іллі, мама Дыяны пра вечарынку ведала. Спецыяльна ці так супала, але яна з'ехала. 4 жніўня ўвечары ў гасцях сабраліся ўсе, акрамя Антона і Машы.

"Яны прыйшлі, калі мы ўжо ўжылі першую капсулу, — успамінае Ілля. — Пасля ўжывання хацелася больш размаўляць, танцаваць, прыемна было слухаць музыку. Адчуванняў пасля другой не памятаю. Памятаю, што прыязджала хуткая дапамога. Потым усе з'ехалі. Я застаўся. Проста не хацелася нікуды ехаць. Я прызнаю сваю віну. Пасля таго, што здарылася цалкам памяняў сваё стаўленне да наркотыкаў.

Мяне амаль адразу затрымалі. Я знаходзіўся ў шокавым стане. У мяне пачаліся правалы ў памяці. Два месяцы я правёў у РНПЦ псіхічнага здароўя, да гэтага часу п'ю сур'ёзныя лекі, знаходжуся пад наглядам лекара".

На папярэднім допыце ў жніўні хлопец казаў, што Антон і Марыя ўжывалі наркотыкі, цяпер сам сябе папраўляе: "Мне здавалася, што гэта відавочна. Калі усе ўжываюць, значыць і яны. Але я не бачыў, гэта былі здагадкі".

Кацярына Л .: "Потым Дыяна сказала: “Будзе весела, будзе добра”"

Кацярына вучыцца на трэцім курсе ЕГУ. Дыяна была яе лепшай сяброўкай. Яна паклікала Кацярыну на вечарынку, сказала, што кампанія збіраецца прымаць MDMA.

"Раней я нічога не ўжывала, таму доўга не вырашалася, адмаўлялася. Мне было страшна, я глядзела ў інтэрнэце, як дзейнічае гэтае рэчыва. Потым Дыяна сказала: "Будзе весела, будзе добра". Паколькі яна была маёй лепшай сяброўкай, я даверылася" .

Кацярына распавядае, што 4 жніўня на вечарыне перад прыёмам наркотыку нервавалася. У расфасоўцы не ўдзельнічала.

"Я прыняла адну капсулу, але мне стала не вельмі добра. Ад другой я адмовілася. Мы з Дыянай хваляваліся, але падбадзёрвалі адна адну, маўляў, усё будзе добра, мы разам. Потым я пачула, што прыйшлі Антон і Маша".

Дзяўчына кажа, што ёй стала дрэнна, і яна пайшла ў ванную, сядзела там. Калі выйшла, слухала музыку. Праз некаторы час Дыяна страціла прытомнасць. Сябры зацягнулі яе ў ванную, пачалі паліваць вадой. Каця кажа, што выклікала хуткую, уключыла гучную сувязь, па тэлефоне лекары тлумачылі, як аказваць першую дапамогу, але Дыяна ў сябе не прыходзіла.

"Было цяжка. Я выйшла на вуліцу, думала сустрэць лекараў. Патэлефанаваў Ягор Л., мы даўнія сябры, ён спытаў, як справы. Потым ён прыехаў. Спачатку адвёз мяне начаваць да сябра, бо дадому пасля смерці сяброўкі не хацелася, пазней — астатніх".

Хтосьці з прадстаўнікоў абароны цікавіцца, ці вядома Кацярыне, куды падзелася другая капсула, якую яна не прыняла. Дзяўчына кажа, што не.

Антон Б .: "Мы тры разы спрабавалі выклікаць хуткую"

Раней Антон вучыўся ў БДУІРы, але потым кінуў. Вырашыў паступаць у чэшскі ВНУ, увесь мінулы год рыхтаваўся да экзаменаў. Афіцыйна нідзе не працуе, нядаўна перабраўся на здымную кватэру. Грашыма дапамагаюць бацькі. Паводле яго слоў, наркотыкі раней не ўжываў. Цікавіўся крыптавалютай. Купляў біткоіны некалькі разоў, а за іх купляў іншую валюту. На вечарыну яго запрасіла Соф'я, папярэдзіўшы пра наркотыкі. Ён доўга думаў, але потым згадзіўся і здаў грошы. Затым Соф'я звярнулася па дапамогу, дала спасылку на тавар.

"Скорую не вызывали минут 20-40". Истории гостей смертельной экстази-вечеринки
На фота Антон Б.

У судзе ў Антона пытаюцца, хто купіў наркотыкі.

"Атрымліваецца, што Соф'я, перадаўшы грошы чалавеку, які прадаваў біткоіны", — адказвае хлопец. Але потым прамаўляе фразу: "Здзейсніўшы куплю, я адправіў атрыманую інфармацыю Соф'і, фота і месца закладкі".

Пра тое, хто забіраў наркотыкі, ён не ведае. На вечарыну разам з Машай прыйшоў пазней за ўсіх. Кажа, што ў гасцях у Дыяны прыняў дзве капсулы з прамежкам у паўгадзіны. На пытанне, ці ужывала наркотык Марыя, адказваць адмовіўся, паколькі знаходзіцца з Машай "ў блізкіх сяброўскіх і рамантычных адносінах".

Хлопец згадвае, як Дыяне стала дрэнна, і сябры аказвалі ёй першую дапамогу: спачатку ў ваннай, потым, паклаўшы на падлогу.

"Яна не прыходзіла ў сябе. Я ўставіў ёй у рот аловак, каб не праглынула язык. Мы тры разы спрабавалі выклікаць хуткую. Пакуль хуткая ехала, спрабавалі рабіць ёй штучнае дыханне".

Антон расказвае, што пасля смерці Дыяны ў яго дома з сябрамі абмяркоўвалі тое, што здарылася, разумелі, што пачнецца следства. Пазней ён стварыў групу ў Telegram: паколькі ўсе ўсведамлялі магчымасць арышту, хацелася быць у курсе таго, што адбываецца.

Кажа, што раскайваецца, што ужыў MDMA, і больш не будзе, але з абвінавачваннямі часткова не згодны. У прыватнасці, са змовай і масай рэчыва. Паводле яго слоў, адвакат параіў яму адмовіцца ад медыцынскага агляду.

Маша Б .: "Мне было вядома пра будучую вечарынку. Пра тое, што на ёй будуць наркотыкі, — не"

Маша пражывае з бацькамі і сястрой. Не вучыцца. Летам паступіла на платнае аддзяленне ў Медыцынскі універсітэт у Смаленску, але з-за следства і суда вырашыла перанесці адукацыю на наступны год. Па яе словах, MDMA прымала падчас уступнай кампаніі — прапанаваў знаёмы.

"Скорую не вызывали минут 20-40". Истории гостей смертельной экстази-вечеринки
На фота Марыя Б.

"У мяне быў вельмі складаны перыяд. Калі паспрабавала, стала добра", — успамінае дзяўчына.

"Мне было вядома пра будучую вечарынку, — кажа яна. — Пра тое, што на ёй будуць наркотыкі, — не. Доўга думалі, ісці ці не. Напярэдадні я ўжо адпрошвалася дома на наваселле да Антона, не хацелася адпрошвацца паўторна, але потым, калі даведаліся, што Дыяна жыве побач, вырашылі ісці. Купілі ў падарунак гарэлку, вяршкі, кававы лікёр — усё, што трэба для кактэйлю “Белы рускі”".

Дзяўчына кажа, што, прыйшоўшы ў госці, ніякіх капсул не бачыла. Слухала музыку, хлопцы размаўлялі ў асноўным на тэму адукацыі. Сядзелі да поўначы. Потым Дыяне стала дрэнна.

"Гэта было падобна на прыпадак эпілепсіі. Я не магла ўявіць, што адбылося. Хуткую не выклікалі 20-40 хвілін. Толькі тады пачала здагадвацца, што на самой справе адбылося".

Некаторыя абвінавачаныя казалі, што і Марыя прымала MDMA.

Марыя: "Я цалкам не прызнаю сваю віну, але ў пэўным сэнсе разумею рабят. Некаторыя пасядзелі ў СІЗА. Магчыма, гэта іх стратэгія абароны".

Экспертыза па валасах паказала, што дзяўчына MDMA прымала.

Марыя: У Смаленску. Наколькі я ведаю, рэчыва можа трымацца ў валасах 60 дзён.

Суддзя: Вы настойваеце на Смаленску?

Марыя: Так.

Судмедэксперт: "Вызначыць даўнасць ужывання наркотыку па валасах немагчыма"

3 студзеня амаль пяцігадзіннае судовае пасяджэнне скончылася допытам сведак. Лекар з брыгады хуткай медыцынскай дапамогі распавёў, што выклік паступіў 5 жніўня ў 0:32. У кватэры былі маладыя людзі і дзяўчына без прытомнасці. Пасля сардэчна-лёгачнай рэанімацыі лекары канстатавалі смерць. Пра тое, што дзяўчына прыняла MDMA, сведка даведаўся толькі па прыбыцці міліцыі.

Судмедэксперт, хімік з 15-гадовым стажам працы Канстанцін Селязнёў распавёў, што з усіх удзельнікаў вечарынкі рэчыва MDMA не знайшлі толькі ў валасах Фёдара К.

Спецыяліст пацвердзіў: "MDMA можа вызначацца ў валасах чалавека да двух месяцаў. Вызначыць даўнасць ужывання наркотыку па ўчастку воласа немагчыма".

Слуханні па справе студэнткі, якая загінула пасля ўжывання наркотыку, працягнуцца допытам сведак у судзе Першамайскага раёна 9 студзеня.

Больш важных навінаў у выніковай праграме ЕЎРАЗУМ:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі