Ігар Свечкін: Мы — таксама “Песняры”, у нас ёсць патэнт!

БДА “Песняры” пад кіраўніцтвам В. Шарапава пры дапамозе Мінкульта замацаваў за сабой Беларусь. “Песняры” п/к І. Свечкіна часцей за астатніх бываюць ва Ўкраіне, а за расійскія канцэртныя пляцоўкі і карпаратывы канкуруюць з “Песнярамі” Л. Барткевіча і “Белорусскими песнярами” Нават “Белорусские песняры” цяпер пазіцыянуюць сябе як расійскі гурт. Гэта красамоўна сведчыць, якая з пляцовак больш прывабная. Распавядае дырэктар гурта Валянцін Лабунскі:

Валянцін Лабунскі: “Ёсць ТАА “Белорусские песняры”, маскоўскае ТАА. Нягледзячы на тое, што мае падапечныя – грамадзяне Беларусі, гэта маскоўская фірма. Мы сябе пазіцыянуем як ансамбль, які працуе і стартуе заўсёды з Масквы”.

Нягледзячы на дэклараваную “маскоўскасць”, менавіта “Белорусские песняры” згаданыя ў лісце беларускага Мінкульта разам з БДА “Песняры” Вячаслава Шарапава як законны нашчадак славутага мулявінскага брэнда. Усе астатнія абвешчаныя па-за законам.

Праўда, расійскія і ўкраінскія канцэртныя прамоўтэры на гэта не надта звяртаюць увагі. Тым больш, што на “сваёй” тэрыторыі кожныя “Песняры” дзейнічаюць на законных умовах.

Сузаснавальнік расійскага ТАА “Песняры” (разам з Леанідам Барткевічам) і дырэктар аднаго з ансамбляў Ігар Свечкін распавёў Еўрарадыё, што мае дакументы, праз якія гурты (а дакладней, “два склады аднаго гурта”) нельга лічыць “музычным калектывам, што незаконна выкарыстоўвае назву “Песняры”, “уводзіць у зман спажыўца” і “шкодзіць культурнаму іміджу Беларусі” – менавіта на такіх фармулёўках настойвае Мінкульт:

Ігар Свечкін: “У мяне ёсць папера – патэнт, зарэгістраваны ў Роспатэнце, а акрамя таго – міжнародны патэнт. І на Беларусь, і на Ўкраіну, і на Расію, і на краіны Балтыі, там усё.

Справа не ў гэтым. Я свядома не хачу працаваць у Беларусі. Ёсць дзяржаўны ансамбль, які выконвае ролю дзяржаўнага ансамбля. А мы таксама прадстаўляем беларускае мастацтва – “Песняры” – але за мяжой”.

Праўда, ні “Песняроў” Ігара Свечкіна, ні “Песняроў” Леаніда Барткевіча ў Беларусі даўным-даўно ўжо не бачылі на сцэне. Чаму? Распавядае Мікалай Бабічаў, дырэктар “Песняроў” Леаніда Барткевіча:

Мікалай Бабічаў: “Справа ўся ў тым, што ў яго [у Леаніда Барткевіча – Зм.Г.] дрэнныя стасункі з Міністэрствам Культуры. Ёсць у вас там такі знакаміты Рылатка...”

Людзі па ўсім былым СССР аднолькавыя, і ўсім патрэбныя “Песняры”. Хаця б якія. Таму ніводныя са спадкаемцаў Уладзіміра Мулявіна не жаляцца на недахоп у канцэртах. Гурт Ігара Свечкіна, напрыклад, з’ездзіў у тур па Ўкраіне. А ансамбль Леаніда Барткевіча днямі граў на Дне чыгуначніка ў Саратаве:

“Гэта была плошча, – распавядае Леанід Барткевіч. – Там было дваццаць тысяч народу. Прымалі проста выдатна... Так заўжды прымаюць!”

Паміж рознымі “Песнярамі” дзейнічае нешта накшталт канвенцыі, якую ў рамане “12 крэслаў” прыдумалі дзеці лейтэнанта Шмідта. Сітуацыі, калі гурты канкуруюць за канкрэтную сцэну, амаль не ўзнікаюць. А калі і атрымліваецца такое, дык з большага праз нязграбнасць канцэртовых прамоўтэраў.

31 ліпеня ў Тулу на свяце мясцовай чыгункі “засвяціўся” гурт Ігара Свечкіна. СМІ палічылі гэтых “Песняроў” фальшывымі. А Валянцін Лабунскі распавёў Еўрарадыё, што прапанова выступіць у Туле спярша паступіла “Белорусским песнярам”:

Валянцін Лабунскі: “Спярша гэтая прапанова паступіла мне. Нам, “Белорусским песнярам”. Патэлефанаваў чалавек, прапаноўваў нам адпрацаваць на гэтым мерапрыемстве ў Туле, 31 ліпеня”.

Аднак пасля чалавек з Тулы знік, і пернік з рук кіраўніка тульскай чыгункі Аляксандра Патапенкі атрымалі “Песняры” Ігара Свечкіна. “Значыць, кошт і якасць “Белорусских песняров” не задаволіла імпрэсарыа з Тулы, – кажа сп. Свечкін. – А тое, што туды паехаў я, а не Шарапаў ці Лабунскі – ну, няхай яны на сябе злуюцца!”

Не дзіва, што розныя “Песняры” не вельмі любяць адно аднаго. “Мы – дзеяздольная адзінка, - завярае нас Валянцін Лабунскі. – Таму што там, якія вятры гуляюць недзе за ваколіцай, свечкіны, печкіны, папярэчкіны – гэта ўсё не да мяне”.

Дзякаваць шчодрым савецкім людзям, пакуль на хлеб з маслам хапае ўсім “Песнярам”. Таму і сварацца яны быццам бы несур’ёзна, і нават музыкамі часам мяняюцца. Негалосная канвенцыя дзейнічае – ўсе “дзеці лейтэнанта Мулявіна” на сваіх месцах.

Чытайце таксама:

Колькі існуе легальных калектываў з брэндам легендарных "Песняроў"?

Фальшывыя “Песняры” гастралююць па Расіі і Ўкраіне

Фота: www.via-pesnyary.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі