ІІХФ заплаціць Беларусі за перанос чэмпіянату свету па хакеі
Міжнародная федэрацыя хакея (ІІХФ) выплаціць Беларусі кампенсацыю за перанос чэмпіянату свету 2021 года. Пра гэта заявіў чалец савета ІІХФ Пётр Бржыза ў каментары чэшскім журналістам.
Па яго словах, такая кампенсацыя дакладна прапісаная ў кантракце.
"Мы чакаем аналізу і дакладу ад офіса генеральнага сакратара IIHF, у якім будуць вызначаны ўсе затраты і наступствы дадзенага рашэння. Мы атрымаем гэтую інфармацыю ў бліжэйшыя тыдні. Цяпер дакладную суму ніхто не назаве", — цытуе TUT.by адказ Бржызы.
Ён таксама паведаміў, што разглядаюцца тры варыянты замены Мінска — Данія, Славакія і Латвія (якая мусіла праводзіць ЧС разам з Беларуссю).
"Аднак у Рызе для гэтага неабходна пабудаваць часовую арэну. Усё гэта стане часткай перамоў у бліжэйшыя дні. IIHF звязана шэрагам абавязацельстваў. Іх неабходна выконваць, каб не падвяргаць небяспецы фінансавую стабільнасць Федэрацыі", — тлумачыць Бржыза.
Ён дадаў, што выдаткі на рэзервовы варыянт чэмпіянату даведзецца аплочваць самой Федэрацыі хакея.
18 студзеня ІІХФ пастанавіла перанесці чэмпіянат свету 2021 года ў іншую краіну "праз пытанні бяспекі, якія знаходзяцца па-за кантролем ІІХФ".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.