Ілана Маска абвінавацілі ў махлярстве. Што будзе з Tesla?
Камісія па каштоўных паперах і біржах ЗША абвінаваціла заснавальніка Tesla Ілана Маска ў махлярстве з-за яго заявы пра намер прыбраць кампанію з біржы і зрабіць яе непублічнай, прыватнай карпарацыяй. Заява названая непраўдзівай, яна нібыта ўводзіць у зман. Камісія лічыць, што яна прывяла да збояў на біржы і нанесла страты інвестарам, і звярнулася ў федэральны акруговы суд Манхэтэна, інфармуе "Бі-Бі-Сі". Камісія па каштоўных паперах і біржах збіраецца забараніць Маску ачольваць любыя кампаніі, акцыі якіх прадаюцца на біржы, а таксама аштрафаваць.
У пачатку жніўня Ілан Маск напісаў у Twitter, што знайшоў інвестараў для сваёй прапановы (камісія лічыць, што гэта была няпраўда) і акцыя будзе каштаваць 420 долараў, на 20% больш тагачаснага рынкавага кошту. Каштоўныя паперы Tesla адразу ж падаражэлі на 11%, але пазней упалі яшчэ ніжэй, чым раней. Агулам пасля твіта Маска акцыі кампаніі знізіліся на 20%. Члены савета дырэктароў проста ашалелі — Ілан Маск іх не праінфармаваў пра свае планы (як і Камісію па каштоўных паперах). На Маска ўжо падалі ў суд некаторыя акцыянеры, якія сцвярджаюць, што страцілі на біржы мільёны долараў.
У канцы жніўня Маск заявіў, што большасць акцыянераў хочуць, каб паперы Tesla працягвалі заставацца на біржы. Ён лічыў, што лепшы шлях — "заставацца публічнай кампаніяй".
Наколькі сур'ёзныя непрыемнасці ў Ілана Маска, стане зразумела пасля завяршэння судовых разбіральніцтваў. Сам ён называе судовы іск неабгрунтаваным. Па адной з версій, сваім скандальным твітам ён нібыта хацеў павесяліць сваю сяброўку — канадскую індзі-спявачку Grimes. Бізнесмен высветліў, што ў лічбы 420 ёсць асаблівы сэнс у культуры карыстальнікаў марыхуаны... Эксперты мяркуюць, што ўсё скончыцца вялізным штрафам і забаронай займаць пасаду кіраўніка любога адкрытага акцыянернага таварыства ў ЗША. Гэта праблема не толькі для Маска, але і для Tesla, з якой асацыюецца яго імя.