Ilo & Friends. "Сланечнікі"
Другі альбом беластоцкай беларускамоўнай каманды.
Беластоцкая кампанія музыкаў Ilo&Friends пад кіраўніцтвам былой арганізатаркі “Басовішча”, спявачкі Ілоны Карпюк, выдала дыск “Сланечнікі”. У пласцінку ўвайшло 9 песень на вершы беларускіх і польскіх паэтаў, а таксама народныя “Каліна” і “Туман ярам”. У выніку перад слухачом адкрываецца выдатна аранжыраванае і запісанае, цікавае мастацкае палатно.
Кампазіцыі “Сланечнікаў” часам падаюцца літаратурна–музычнымі замалёўкамі, дзе музыка выступае як сродак, падкрэсліць трапнасць і істотнасць слова. Адсюль – адсутнасць яскравых мелодый і, адпаведна, хітоў. Тым не менш, гэтая акалічнасць абсалютна не псуе агульную карціну альбома – смачныя аранжыроўкі, качовасць і неверагодны па прыгажосці і энергетыцы голас Ілоны не адпускаюць слухача. Пры кожным наступным праслухоўванні слухачу робіцца ўсё больш камфортна і ўтульна ў “Сланечніках”. Магчыма, феномен камфорту – у натуральнасці падачы матэрыялу музыкамі. Яны не імкнуцца некага пакарыць і спадабацца, а проста з адказнасцю і любоўю ставяцца да справы.
Наступны безумоўны плюс альбома – прысутнасць гурта ў беларускім кантэксце. Звярнуцца да паэзіі Някляева, Караткевіча, Сыса, часам, не рашаюцца нават беларускія музыкі. Ды і справы з сур’ёзнай паэзіяй, кшталту Ваячка, не робяцца за адзін дзень.
Эксперыментальны беларускі рок па-беластоцку – так выглядаюць цяперашнія Ilo&friends. І шкада, вядома, што гурт не заязджае да нас з гастролямі, бо ніша адэкватнага беларускамоўнага рок-гурта з жаночым вакалам пасля сыходу ў этнічныя гушчары Русі і смерці Волі Самусік у нас пустуе. “Сланечнікі” Ilo&friends – прыклад самага што ні ёсць беларускага року, якія, безумоўна, знойдуць свайго беларускага слухача. Таму музыкам проста неабходна выкласці пласцінку ў Сеціва для вольнага доступу. Краіна мусіць ведаць сваіх герояў!
P.S. Дыск быў запісаны ў беластоцкай студыі Rembrandt у 2009-2010 гг. Але толькі зараз патрапіў у рукі музрэдакцыі Еўрарадыё.