Інтэрнэт у літоўскіх вёсках – прыярытэт №1

Кожнаму сваё: адным – аграгарадкі, другім – агратурызм і аграсядзібы. Чым адно адрозніваецца ад іншага і што адбываецца з літоўскай - постсавецкай і ўжо еўрапейскай вёскай? Ці ёсць жыццё за Віленскай кальцавой? Нехта з вас, мусіць, ужо чуў, што ў Літве экстрапапулярны зараз агратурызм. У ідэале – гэта такая аўтэнтычная літоўская сядзібка ці комплекс хатак, дзе з атракцыёнаў – рэчка, лес, свежае паветра, па жаданні - свінаферма, лазня і курс кавальства для чайнікаў.

Нельга, вядома, сказаць, што аграсядзібамі адзінымі жывая літоўская вёска, але тое, што людзі – як бізнесоўцы, так і турысты – цягнуцца на “кантрысайд” – ужо шмат пра што кажа. Мы з’ездзілі да Гінтаса Дабашынекаса, гаспадара аграсядзібы недалёка ад Друскенікая, у пасёлку Берташунай. На справе гэта выглядала як некалькі драўляных хатак на беразе маляўнічага возера, дзе гаспадары забаўляюць гасцей актыўным адпачынкам, ладзяць пленэр для мастакоў, самі пякуць хлеб і нават вараць уласнае піва!



Гінтас вядзе бізнес самастойна, без дзяржаўнай дапамогі, хоць яна і вельмі прыстойная: каб распачаць аграбізнес, літоўцы могуць напісаць праект і атрымаць ажно 25 тысяч еўра! Але Гінтас гэтага не вітае:

- Дваякае ўражанне, бо я бачу, што атрымліваюць грошы тыя, хто ўмее добра пісаць праекты, але не ўмее нічога рабіць, што трэба. Людзі робяць джакузі, басейны, але людзям гэта ня трэба. Тыя людзі, якія хочуць на прыроду – ім патрэбныя простыя ўмовы, простая ежа. А тыя, хто хочуць раскошы – едуць на поўдзень, у гатэлі.













Сядзіба Гінтаса, вядома, знаходзіцца ў неверагодна прыгожым і спакойным месцы - у самы раз, каб адпачыць ад гарадскога тлуму і турбот! І, як кажа сам Гінтас, людзі цягнуцца за горад – як турысты ці як патэнцыйныя вяскоўцы:

- Ужо даволі дорага набыць дом за горадам, бо людзі адчулі гэтую перавагу жыцця за горадам. Калі здароўе дазваляе – людзі дажываюць сваё жыццё ў вёсцы, прадаюць кватэру ў горадзе. Для пачатка кар’еры патрэбны горад, а ўжо потым гэтая патрэба адпадае, хочацца ўжо чыста асабістага камфорту...



















Потым мы завіталі ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і паразмаўлялі з Зігмасам Медынгісам, намеснікам дырэктара дэпартамента міжнародных стасункаў Міністэрства сельскай гаспадаркі.

Мы даведаліся, што стабільных 30 % насельніцтва Літвы жыве у сельскай мясцовасці. Калі ўмела займацца сельскай гаспадаркай ці агратурызмам, то гэта вельмі прыбытковы бізнес, і жыць выходзіць нават танней, чым у горадзе. І што самае прыемнае, за горадам ствараюцца ўмовы для моладзі – розныя там бонусы ў выглядзе выплат, гэта ладна. Самае класнае, што там ёсць Інтэрнэт!



- Дзякуючы Еўрапейскай дапамозе, ва ўсіх вёсках да канца наступнага года мусіць быць пракладзеная хуткасная інтэрнэт-сетка, і гэта прыярытэт нумар адзін. Палітыка такая, што новыя тэхналогіі мусяць дапамагаць сельскай гаспадарцы, каб хутчэй можна было прасоўваць бізнес у вёсцы.

Зігмас лічыць, што Літва ідзе тым жа шляхам, што і ўся Еўропа ў плане развіцця вёскі:

- Я думаю, што ў бліжэйшай будучыні жыхары вёскі будуць прадаваць адно аднаму паслугі, а меншая частка будзе займацца сельскай гаспадаркай.

Вядома, еўрапейская вёска не памрэ. Напэўна, яна толькі больш “акультурыцца”, там стане больш камфортна жыць у бытавым плане, і туды ўжо не будуць ездзіць, каб пагнуць спіну над бульбай і памідорамі, але будуць ездзіць адпачыць, вярнуцца да прыроды, пабегаць басанож па расе, парыбачыць і паездзіць на конях. Ну які нармальны чалавек ад усяго гэтага адмовіцца? А ўжо тым больш шматбакова развіты еўрапеец!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі