Італію аштрафавалі на 59 тысяч еўра за адсутнасць аднаполых партнёрстваў
Як адаб’ецца на Італіі і іншых краінах Еўропы такое рашэнне Еўрапейскага суда па правах чалавека.
Надоечы Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) запатрабаваў ад Італіі юрыдычнага прызнання аднаполых шлюбаў. За іх адсутнасць краіну аштрафавалі на 59 тысяч еўра.
Сваё рашэнне ЕСПЧ аб’явіў пасля звароту трох гомасэксуальных параў, якім не дазволілі ўзяць шлюб у Італіі. Суд прызнаў, што іх правы парушаюцца. І адзначыў, што прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці “маюць такія ж патрэбы ў прызнанні і абароне іх стасункаў, як і гетэрасэксуальныя пары”, перадае РІА “Новости”.
“Таму Італія і іншыя краіны, якія ратыфікавалі Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, мусяць паважаць іх фундаментальнае права на атрыманне формаў прызнання, якія па сутнасці прыраўноўваюцца да шлюбу”, — прыводзіць вытрымкі з пастановы ЕСПЧ агенцтва Agi.
Суд прымусіў Італію выплаціць кампенсацыю па 5 тысяч еўра кожнай пары і штраф у памеры 44 тысяч еўра за адсутнасць прававой абароны аднаполых параў. Хоць краіна і можа абскардзіць гэтае рашэнне цягам трох месяцаў, але ў італьянскай прэсе кажуць, што хутчэй за ўсё адпаведны праект будзе прыняты да канца года.
Прадстаўнік праваабарончага цэнтра “Гей Беларусь” Макс Дзмітрыеў мае больш песімістычнае меркаванне:
“Напрыклад, разгледзім Вялікабрытанію. Нягледзячы на тое, што парламент і каралева ўхвалілі палажэнне аб аднаполых шлюбах улетку 2013 года, яно набыло моц толькі ўлетку 2014 года. Я не ведаю заканадаўства Італіі, але цалкам магчыма, што там ёсць пэўныя асаблівасці, якія зацягнуць гэты працэс”, — кажа прадстаўнік цэнтра.
Ён таксама адзначае, што такія позвы былі накіраваныя ў ЕСПЧ і з іншых краінаў Савета Еўропы, у тым ліку з Расіі.
Некаторыя еўрапейскія СМІ ўжо заяўляюць, што гэты прысуд можа стаць падставай для падобных рашэнняў у іншых еўрапейскіх краінах. Бо сярод 47 краін Савета Еўропы аднаполыя саюзы ў розных формах дазволены толькі ў 24.
На думку прадстаўніцы праваабарончага цэнтра “Ідэнтычнасць” Кацярыны Барсук, змены ў заканадаўстве магчымыя толькі пры наяўнасці палітычнай волі. У Расіі, напрыклад, ігнаруецца большасць рашэнняў ЕСПЧ.
“Калі ў Італіі што-небудзь зменіцца, гэта будзе вялікая перамога Еўрапейскага суда па правах чалавека”, — адзначае праваабаронца.
Тым часам спікер літоўскага сейма Ларэта Граўжэнене ўжо заявіла, што прыняцце аднаполых партнёрстваў можа адбыцца, толькі калі паспее больш талерантнае новае пакаленне, паведамляе Ziniu Radijas.
“Я лічу, што нашы паважаныя пажылыя людзі, якія не разумеюць такіх рэчаў, вартыя павагі, і я не думаю, што трэба дражніць наша грамадства”, — сказала спікер.
Яна таксама адзначыла, што рашэнне ЕСПЧ “не павіннае ў прымусовай форме прымяняцца ў дзяржавах, якія да гэтага не гатовыя”, перадае літоўскі партал Delfi.
Фота: vistanews.ru, lultimaribattuta.it, lgl.lt