Каб прыняць бюджэт-2017 у першым чытанні, дэпутатам хапіла 40 хвілін
3 кастрычніка дэпутаты пачынаюць прымаць бюджэт на 2017 год. На разгляд парламентарыяў выносіцца ажно 19 законапраектаў. Разгляд бюджэту перанеслі на самы канец “чаргі”— пасля розных ратыфікацый. Прычына нібыта ў тым, што асноўныя дакладчыкі занятыя — знаходзяцца на прэзідэнцкай нарадзе па МВФ.
Увесь даклад па праекце бюджэту ў міністра фінансаў Уладзіміра Амарына змяшчаецца ў 30 хвілінаў: сцісла і коратка ў лічбах пра 35 долараў за барэль, інфляцыю ў 15-17%…
Выступ міністра большасць дэпутатаў слухае адным вухам. Нехта ўвогуле, павярнуўшыся да суседа, абмяркоўвае нейкія свае, відаць, больш істотныя пытанні. Па атмасферы робіцца зразумела, што гарачай дыскусіі ў зале не будзе, але каб такое! На прапанову старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі задаваць міністру пытанні адгукаецца толькі… адзін дэпутат. Уладзіслаў Шчэпаў цікавіцца, ці будуць павялічаныя падаткі для рамеснікаў і аграсядзібаў і чаму прыбралі артыкул пра размеркаванне магчымых звышпрыбыткаў.
Атрымлівае кароткі адказ міністра што падаткі падвышацца не будуць і што асобным артыкулам распісваць звышпрыбыткі, якіх можа і не быць, не мае сэнсу. І больш ніхто і нічога не пытаецца.
“Гэта сведчыць пра тое, што мы добра папрацавалі падчас разгляду ў камісіях, пры “нулявым” чытанні было шмат пытанняў”, — неяк нават задаволена кажа спікер.
Галасаванне: 98 — за, 1 — супраць, 5 не галасавала. На ўсё спатрэбілася каля 40 хвілін.
Няўжо і сапраўды так добра прапрацавалі праект бюджэту, што не засталося ніводнага пытання, цікаўлюся ў дэпутатаў.
“Дэпутаты, якім гэта было цікава, маглі задаваць намесніку міністра і міністру фінансаў пытанні ўжо чатыры разы. Сёння было першае чытанне, але з Саветам міністрам гэта ў нас ужо чацвёртае сумеснае пасяджэнне. Вось таму так і здараецца, што няма пытанняў — ужо ўсё абмеркавалі дзесяць разоў!” — тлумачыць Валерый Барадзеня.
А дэпутат Вольга Палітыка прызнаецца: яна нават у пісьмовым выглядзе падавала ў Саўмін свае прапановы. Іх улічылі, таму пытанняў няма.
“Вельмі шмат было пасяджэнняў камісій пашыраных, потым гэтае “нулявое чытанне”, дзе вельмі шмат пытанняў задавалі і праблем узнімалі ўсе, у тым ліку і я. І, магчыма, таму сёння пасяджэнне атрымалася не зусім яркім”, — з лёгкай падколкай адказвае на маё пытанне Вольга Палітыка.
Нагадаю, пры “нулявым чытанні” бюджэту журналістаў выставілі за дзверы. Напэўна, каб дэпутаты не бянтэжыліся задаваць свае пытанні.
Еўрарадыё звярнулася да эканамістаў: ці ёсць пытанні пра бюджэт? Леанід Заіка не супраць атрымаць адказ на два пытанні:
“Цяпер на ўсе бюджэтныя расходы рэальна на 15 мільярдаў менш, чым было ў 2014 годзе. Таму пытанне, што рабіць далей. А другое пытанне відавочнае: чаму ўрад не абвясціў аб змяншэнні заробкаў сябрам урада і супрацоўнікам апарату? Хаця б на 10%, як у Крамлі”.
Фота Змітра Лукашука