Каб стаць сябрам выбарчай камісіі, трэба сабраць 10 подпісаў

Паўдзельнічаць у выбарах можна не толькі ў якасці кандыдата, сябра ініцыятыўнай групы ці простага выбарца, які ставіць свой подпіс у бюлетэні ў дзень галасавання. Кожны ахвочы можа паспрабаваць стаць сябрам выбарчай камісіі. Акурат цяпер пачынаюць фармавацца тэрытарыяльныя выбаркамы, нагадвае сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

Лазавік: “Каб стаць сябрам тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, дастаткова падаць заяву з подпісамі ўсяго толькі 10 выбаршчыкаў, якія жывуць на адпаведнай тэрыторыі. Да 19 ліпеня ўключна можна перадаць гэтыя подпісы ў адпаведны выканаўчы камітэт — там арганізаваны прыём дакументаў”.

Падпісацца за вас могуць 10 чалавек з вашага пад’езда ці нават вашых сваякоў. Галоўнае, каб яны пражывалі на тэрыторыі таго ўчастка, сябрам выбарчай камісіі якога вы хочаце стаць.

Па словах Лазавіка, функцыі ў тэрытарыяльных выбарчых камісій дастаткова важныя і адказныя. Гэта і арганізацыя фінансавання агітацыйнай і выбарчай кампаній, і спрыянне ў агітацыйнай кампаніі, і кантроль за выкананнем дзяржаўнымі органамі выбарчага заканадаўства — каб прадстаўляліся выбарчым камісіям усіх узроўняў памяшканні, сувязь, транспарт і гэтак далей. Але галоўнае, кажа сакратар ЦВК, тэрытарыяльныя камісіі правяраюць подпісы ў падпісных аркушах, а па заканчэнні галасавання тэрытарыяльная камісія “падводзіць вынікі па ўсіх участках на сваёй тэрыторыі”.

Праўда, канчатковае рашэнне аб уключэнні ахвочых у склад выбарчай камісіі будуць прымаць мясцовыя чыноўнікі з выканаўчага камітэта.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі