Кабякоў хоча прадаваць марозіва ў Кітай
Кітайскі рынак з'яўляецца перспектыўным для паставак беларускага марозіва. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, які 12 траўня азнаёміўся з мадэрнізацыяй СААТ "Марозпрадукт" у Пухавіцкім раёне Міншчыны, перадае БЕЛТА.
Прэм'ер адзначыў, што "Марозпрадукт" пасля мадэрнізацыі паспяхова працуе. Там усталявалі новыя лініі, на прадпрыемстве засвоены выпуск новых прадуктаў.
Па словах Кабякова, у Расіі знізіўся рынак для паставак гэтага прадпрыемства. Але ён заявіў, што прадукцыю можна пастаўляць у Еўропу і Паўднёвую Амерыку. Адным са стратэгічных напрамкаў кіраўнік урада назваў Кітай. "Там рэальна гэтыя вырабы могуць быць запатрабаваныя", — выказаў меркаванне чыноўнік.