Качанава запатрабавала падняць у Мінску сярэдні зробак сёлета да 700 долараў
З кіраўніцтва Мінска будуць строга патрабаваць за выкананне прагнозных паказчыкаў па працаўладкаванні на новыя працоўныя месцы, росце заработнай платы і прыцягненню прамых замежных інвестыцый. Пра гэта кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава заявіла 14 жніўня на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме, перадае БЕЛТА.
Чыноўніца нагадала, што і кіраўніцтва горада, і кіраўніцтва раёнаў павінна шчыльна займацца працаўладкаваннем грамадзян. "Пастаўлена задача да 1 кастрычніка прыняць абноўлены дэкрэт №3. Акцэнт пераносіцца на мясцовыя органы ўлады. Вы павінны адсачыць кожнага чалавека, скласці вывераныя спісы — прапануйце людзям працу, дапамагайце ім з працаўладкаваннем", — падкрэсліла Качанава.
Таксама кіраўніца прэзідэнцкай Адміністрацыі паведаміла, што сярэдні заробак у Мінску павінен яшчэ ў снежні дасягнуць 1385 рублёў. "Трэба не толькі выйсці ў снежні на гэты параметр, але і ўтрымаць яго", — заявіла яна. Як паведамлялася раней, сярэдні заробак па сталіцы перавышае 1000 рублёў: напрыклад, у траўні ён складаў 1078 рублёў.
Звярнула чыноўніца ўвагу і на парадак у Мінску. Па яе словах, дваровыя тэрыторыі ў цэнтры сталіцы выглядаюць добра, але на ўскраінах ёсць праблемы. "Трэба парадак дашліфаваць — ёсць праблемныя месцы", — патлумачыла Качанава. Таксама яна звярнула ўвагу на аб'екты незавершанага будаўніцтва.