Каго з еўрапейскіх славутасцяў Алексіевіч плануе запрасіць у свой мінскі клуб
Святлана Алексіевіч распавяла, каго з інтэлектуалаў "з усяго свету" можна будзе паслухаць на першых пасяджэннях яе мінскага клуба. На першую сустрэчу 7 снежня з лекцыяй "Зло" прыедзе расійская паэтка, рэлігійны філосаф і антраполаг Вольга Седакова. Далей публіку чакаюць сустрэчы з рэжысёрам і мысляром Аляксандрам Сакуравым, палітыкам Ірынай Хакамадай, навукоўцам-псіхалінгвістам Таццянай Чарнігаўскай.
Пра намер запрашаць у Мінск разумных людзей, "каб яны з намі размаўлялі", Алексіевіч паведаміла ў снежні 2015 года, адразу пасля ўручэння Нобелеўскай прэміі. "Я падумала, што проста аддаваць грошы бессэнсоўна, таму я вырашыла [стварыць] інтэлектуальны клуб. Там будуць выступы сапраўды вельмі вядомых у свеце, у Расіі, Беларусі інтэлектуалаў, — паўгода таму тлумачыла сваю ідэю пісьменніца. — Я буду весці і ўтрымліваць гэты клуб, бо за ўсё ж трэба плаціць... Кожны чалавек зможа яго наведаць, ніякіх закрытых клубаў".
Чаму першымі гасцямі клуба будуць менавіта расійскія інтэлектуалы?
Атрымаць каментарый у самой набеліяткі ў Еўрарадыё не атрымалася: Святлана Аляксандраўна цяпер у Токіа. Таму адказ на гэтае пытанне мы вырашылі пашукаць самі.
Найперш звяртае ўвагу, што першыя лектары інтэлектуальнага клуба належаць да аднаго пакалення са Святланай Алексіевіч. Хіба што, Ірына Хакамада крыху маладзейшая за астатніх.
"Гэта тыя, з кім яна [Алексіевіч. — Еўрарадыё] сябруе і тыя, хто ў першую чаргу для яе даступны, — распавядае Еўрарадыё культуролаг Юлія Чарняўская, сяброўка Святланы Алексіевіч, якая дапамагае пісьменніцы ў рэалізацыі яе праектаў. — Справа ў тым, што Святлана — чалавек стрыманы, публічнасць яе абцяжарвае. Сябры трымаюцца з ёю дзесяцігоддзямі. З Вольгай Седаковай, абсалютна геніяльнай, яна сябруе шмат гадоў, і з Аляксандрам Сакуравым яна ў добрых стасунках. Але ў планах і іншыя госці, і далёка не ўсе яны расіяне".
Стратэгія заключаецца ў тым, каб на першыя пасяджэнні клуба запрасіць людзей, па-першае, знакавых, а па-другое, вядомых нашай публіцы. Інтэлектуалаў, чые імёны на слыху.
"Напрыклад, я думаю, што абавязкова нехта будзе запрошаны са Швецыі. Але, пагадзіцеся, імя Ліі Ахеджакавай, якое таксама гучыць у спісе верагодных гасцей клуба, вядомае ў нас нашмат больш, чым імя Пэра Улава Энквіста — славутага шведскага пісьменніка. І на яго людзі могуць не пайсці, — працягвае Юлія Чарняўская. — Святлана Алексіевіч хоча, каб у клуб ішлі не "на яе", а "на іх".
Ці лёгка заманіць замежнага інтэлектуала ў Мінск?
Наша сталіца (ды і, на жаль, краіна ў прынцыпе) не з'яўляецца сусветным інтэлектуальным цэнтрам. У нас няма ўніверсітэтаў з сярэднявечнымі традыцыямі. А адкрыцці Нобелеўскіх лаўрэатаў, якія маюць дачыненне да Беларусі: эканаміста Саймана Кузняца, фізіка Жарэса Алфёрава — звязаныя з іншымі краінамі і, адпаведна, працуюць на іх прэстыж.
Аляксей Братачкін, адзін з арганізатараў праекта публічных лекцый "Еўрапейская кавярня", кажа, што Мінск — гэта не "global city": "Крайне цяжка пераканаць каго-небудзь прыехаць сюды, з нашымі рэсурсамі і з адсутнасцю ў гасцей асабістай цікавасці да Беларусі. І я б яшчэ дадаў, крайне мала прэстыжных устаноў, якія былі б прыцягальнымі для знешніх славутасцяў. Беларусь дрэнна ўключаная ў інтэлектуальныя міжнародныя сеткі", — кажа спадар Братачкін.
Па запрашэнні "Еўрапейскай кавярні" у Мінску выступалі французскі гісторык Нікаля Вэрт, нямецкая мастацтвазнаўца Анке Хенінг, брытанскі палітолаг Чарльз Грант, амерыканская даследчыца Другой Сусветнай вайны Аніка Вальке. Але, па словах Аляксея Братачкіна, камунікацыя з навукоўцамі, якія маюць сусветную папулярнасць, заўжды складаюцца цяжка:
"У нас ёсць карпаратыўны анекдот. Задумалі мы запрасіць Жыжака [Славой Жыжак — славуты славенскі культуролаг. — Еўрарадыё], знайшлі каналы сувязі, напісалі. Думалі, Жыжак энергічны, у яго жонка маладая — мадэль. Жыжак адказаў! Што ён адказаў? Ён нікуды не прыедзе, таму што ён "feeling exhausted" [адчувае сябе вычарпаным. — Еўрарадыё]. Даруй, Беларусь!"
Каго яшчэ Алексіевіч запросіць у Мінск?
Ёсць у медаля і адваротны бок. Юлія Чарняўская прыгадвае, як ў "Еўрапейскай кавярні" ладзілі лекцыю вядомага венгерскага палітолага Пала Тамаша. Людзей прыйшло нямнога, было нават крыху сорамна. "Тамаш — знакаміты палітолаг, але ў Беларусі гэтае імя не многім хаця б нешта кажа, — тлумачыць спадарыня Чарняўская. — Святлана будзе запрашаць людзей больш шырокага ўзроўню вядомасці. Напрыклад, Жорж Ніва — французскі пісьменнік, славіст. Што праўда, не вядома, ці зможа ён прыехаць, бо ён ужо ў шаноўным узросце".
Жоржу Ніва — чалавек абсалютна легендарны: сябраваў з сям'ёй Барыса Пастэрнака, ваяваў у Алжыры. Яго згадваў у сваіх песнях Булат Акуджава. Але сёлета яму спаўняецца 81 год. З больш лёгкіх на пад'ём, і таму больш верагодных гасцей клуба Святланы Алексіевіч — украінская пісьменніца і паэтка Аксана Забужка і польскі грамадскі дзеяч Адам Міхнік. Што праўда, апошні пакуль у роздумах.
"Мы будзем шукаць рэжысёра "Іды" [аскараносны фільм польскага рэжысёра Паўла Паўлікоўскага. — Еўрарадыё], мы будзем шукаць Руту Ванагайтэ [літоўская пісьменніца, аўтарка кнігі "Нашы" пра знішчэнне габрэяў у Літве падчас Другой Сусветнай вайны. — Еўрарадыё]. Мы будзем шукаць самых розных людзей. Але, вядома ж, будуць і яшчэ лектары з Расіі, бо там у яе трывалыя сувязі. І там многа таленавітых людзей, вядомых беларусам — праціўнікаў пуцінскага "рускага свету", — працягвае Юлія Чарняўская.
Ёсць і яшчэ адзін важны нюанс — ганарары лектараў. Еўрапейскія зоркі прызвычаіліся да сум у 5-7 тысяч еўра. Пераканаць каго-небудзь прыехаць у Беларусь бясплатна, у якасці гуманітарнай дапамогі нашаму грамадству, складана. Нават калі ты Нобелеўскі лаўрэат. Ды і не мусіць Святлана Алексіевіч займацца такімі ўгаворамі. Пры гэтым яе прэмія — не безразмерная, усяго 953 тысячы долараў. А ганарары лектараў з усходу больш сціплыя.
Як трапіць на першае пасяджэнне інтэлектуальнага клуба Святланы Алексіевіч?
Год таму пісьменніца казала, што клуб не будзе элітарным: патрапіць на лекцыю зможа кожны ахвочы. Сустрэча з Вольгай Седаковай пройдзе ў Галерэі TUT.by, разлічанай на 250 наведнікаў. Паведамлялася, што, каб прыйсці на пасяджэнне клуба, трэба будзе папярэдне зарэгістравацца.
"Рэгістрацыя яшчэ не пачыналася, і пакуль невядома, ці пачнецца ўвогуле, — распавялі Еўрарадыё на TUT.by. — Інфармацыя на гэты конт з'явіцца ў канцы лістапада — пачатку снежня".
Для тых, каму не пашчасціць трапіць 7 снежня ў Галерэю TUT.by, арганізатары сустрэчы абяцаюць зладзіць відэатрансляцыю. Так што паслухаць лекцыю сапраўды зможа кожны ахвочы, як і абяцала пісьменніца.