“Калі б не адрэагавалі, нехта б мог пажадаць пабудавацца з іншага боку Курапат”
У гісторыі з рэстарацыяй у Курапатах ёсць як добрыя, так і дзіўныя бакі, кажа ў эфіры Еўрарадыё рэкламіст Аляксандр Васілевіч.
“Ёсць у людзей разуменне, што тое, што адбываецца ў Курапатах, непрымальнае. У тым сэнсе, што мы наўрад ці паедзем стаяць у пікеце перад варотамі рэстарацыі, але мы ўвогуле туды не паедзем ніколі. Маўляў, гэта няправільна — тое, што робяць уладальнікі рэстарацыі.
Разумееце, калі б уладальнікі рэстарацыі зрабілі інакш, ахвяравалі б нейкія грошы на конкурсны праект па стварэнні мемарыяла ў Курапатах, зрабілі нейкія захады па ўшанаванні забітых там людзей — паказалі сябе сапраўднымі жыхарамі краіны, якія разумеюць сакральнасць гэтага месца для шмат якіх людзей, то, можа, усё было б інакш. І быў бы там рэстаран, але быў бы і невялічкі мемарыяльны комплекс, збудаваны на грошы ўладальнікаў рэстарацыі. І стаўленне да гэтага адразу было б іншае. Але тыя бізнесмены нават не падумалі пра гэта.
Справа ў тым, што ў нашай краіне на грамадзянскую супольнасць людзі толькі-толькі пачынаюць звяртаць увагу. Яна нібыта і была, але мала выяўляла сябе. Цяпер, найперш дзякуючы сучасным інтэрнет-медыя, сацыяльным сеткам, яна стала заўважнай. І ўсе праекты, што выклікаюць незадаволенасць, “вылазяць” і застаюцца навідавоку. І да стваральнікаў спрэчных праектаў гэтая незадаволенасць даходзіць. І такія сітуацыі працуюць на фармаванне добрых правілаў паводзінаў. Добра, што гэта адбываецца, бо ў адваротным выпадку нехта мог пажадаць пабудаваць нешта з іншага боку Курапат. Таму тое, што адбываецца сёння ля той рэстарацыі, — гэта цікавае і складанае пытанне”.
Блогер і грамадскі актывіст Стась Карпаў перакананы: тое, што ў Курапатах збудавалі рэстарацыю, — гэта… вельмі добра.
Стась Карпаў: Гэта вельмі крута, што ты пачынаеш абараняць тое, каштоўнасць чаго зразумелая ўсім, пачынаючы ад дворніка і да прафесара. Бо ты маеш магчымасць выйсці за межы палітычна-эканамічных лозунгаў кшталту “Супраць інтэграцыі з Расіяй”. І таму добра, што “яны” там пабудавалі сваю рэстарацыю, бо “нашы” хлопцы могуць на глебе супрацьстаяння з імі быць большасцю. Мы не так часта бываем большасцю, і тое, што мы цяпер большасць маральная і можам кожнаму за тры хвіліны растлумачыць, чаму мы маем рацыю, а яны — не, пачынаючы ад карупцыйных схем і заканчваючы маральным аспектам, — гэта вельмі крута. І чым часцей беларускі нацыяналіст будзе змагацца на баку большасці з дрэннай меншасцю, тым больш ён будзе папулярны. І гэта крута.
Еўрарадыё: Ці можна казаць, што каштоўнасць Курапатаў зразумелая ўсім, калі мы маем бізнесменаў, якія пабудавалі там рэстарацыю, і чыноўнікаў, якія падагналі межы ахоўнай зоны пад патрэбы гэтых бізнесменаў?
Стась Карпаў: Папраўдзе, я бізнес-логіку гэтага праекта не зусім разумею. Бо бізнесмен павінен займацца бізнесам, а тут чалавек упіраўся дзвюма нагамі, каб усе яго ўспрымалі як падлюку. Навошта?! Адступі ты на тыя 300 метраў! Тут жа праблема не ў тым, што ён пабудаваў, а ў тым, што дэманстратыўна сказаў, што "месца гэтай вашай нацыянальнай памяці каштоўнасці не ўяўляе". На гэта паказваў дзень за днём і год за годам. А цяпер там (сярод пратэстоўцаў — Еўрарадыё) гэтыя нібыта ахоўнікі рэстарацыі носяцца, міліцыянеры прыязджаюць і пратаколы выпісваюць. Усё гэта ў сукупнасці складае дастаткова мярзотную карціну. І тое, што там тыя дзесяць з паловай чалавек стаяць нягледзячы ні на што, — гэта проста супер.
Нагадаем, у Курапатах, лясным масіве пад Мінскам, карнікі НКВД у перыяд з 1937 па 1941 год расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай “Бульбаш-хол” пачалася ў ахоўнай зоне Курапатаў у 2010 годзе. У 2013-м ахоўную зону звузілі, і цяпер рэстаран у яе межы не трапляе.