Калі мы не змагаемся за ўладу, дык за што змагаемся? Латушка пра будучыню дэмсіл

За што змагаецца апазіцыя, калі не за ўладу? / pixabay
За што змагаецца апазіцыя, калі не за ўладу? / pixabay

Вывесці Беларусь з эканамічнага і сацыяльна-палітычнага крызісу будзе складана, лічыць Павел Латушка. І прызнае, што тыя, хто хоча кіраваць краінай у патэнцыйны транзітны перыяд, — самагубцы.

Еўрарадыё распытала Латушку пра тое, ці гатовыя дэмакратычныя сілы аб'яднацца — і дзеля чаго. Коратка Латушка адзначыў так: "Гэта нерэальна". Але ў тым, што трэба больш актыўна супрацоўнічаць, ён перакананы.

"Я думаю, што цяпер пытанне больш істотнага ўзаемадзеяння партнёраў, якія прадстаўляюць палітычныя сілы, становіцца найбольш актуальным", — кажа ў эфіры Еўрарадыё Павел Латушка.

Першы сцэнар — стварэнне шырокай кааліцыі дэмсіл, на чале якой становіцца Святлана Ціханоўская. Тут, лічыць Латушка, усё залежыць ад Святланы і яе штаба, калі яны гатовыя разглядаць як партнёраў прадстаўнікоў іншых дэмакратычных інстытутаў.

Другі сцэнар — прапанаванае Валерыем Цапкалам стварэнне Беларускай нацыянальнай рады. Латушка лічыць, што гэтая прапанова пакуль не сістэматызавана, аднак саму ініцыятыву стварэння своеасаблівага "протаўрада" ён лічыць важным.

Трэці Латушкаў сцэнар уключае НАУ. Ён лічыць, што вакол гэтага органа дэмсілы маглі б аб'яднацца. Чацвёрты сцэнар — арганізацыя своеасаблівага ўстаноўчага сходу з мэтай сфармаваць інстытут улады.

"Важна ствараць у тым ліку інстытуты, якія прэтэндуюць на ўладу. Я казаў пра гэта некалькі месяцаў таму: калі мы не змагаемся за ўладу, дык за што мы змагаемся? Дамагчыся змены сітуацыі з правамі чалавека, захаваць незалежнасць Беларусі без барацьбы за ўладу немагчыма. Мы што, хочам, каб Лукашэнка забяспечыў нам паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека?" — задаецца пытаннем Латушка.

Поўную версію гутаркі з Паўлам Латушкам глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі