Каля Міністэрства спорту замест газона пасеялі лебяду. Навошта?
Да II Еўрапейскіх гульняў у Мінску рэканструявалі сквер побач са стадыёнам “Дынама” з боку вуліцы Свярдлова. Там аднавілі ўсе дарожкі, паставілі лаўкі і нанова засеялі газон. Але каля будынка Міністэрства спорту і турызму Беларусі на месцы газона расце... лебяда. Чаму замест прыгожай газоннай травы пасеялі пустазелле?
У Міністэрстве спорту і турызму Еўрарадыё паведамілі, што не займаюцца азеляненнем.
“Наколькі я разумею, там засейваўся газон, але што ўзышло, мы не кантралюем, — распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар Уладзімір Несцяровіч. — Гэтым спецыялісты Зелянбуда займаліся. Я толькі бачыў, калі засеялі, дык галубоў шмат было. Можа, яны там здзяўблі насенне травы для газона”.
У Зелянбудзе Ленінскага раёна Мінска Еўрарадыё патлумачылі, што рэканструкцыя аб’екта каля міністэрства яшчэ не скончаная.
“Зелянбуд пакуль гэтую тэрыторыю не прымаў, — адказалі ў арганізацыі. — Будаўнікі разбіваюць газон, працуюць, прарошчваюць лебяду, каб газон утварыўся. Дарэчы, лебяда дапамагае расці газоннай траве: яна прыкрывае траву сваім ценем, і трава не выгарае”.
У Зелянбудзе дадаюць, што ад птушак нельга абараніць кожны газон, але ўсё насенне яны здзяўбці не змогуць.