Кампанія "За Вела-Брэст" афіцыйна зарэгістраваная (дакумент)
Роварныя актывісты будуць дзейнічаць як інфармацыйна-асветніцкая ўстанова.
Адпаведны дакумент падпісаны ў адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста.
Нагадаем, што кампанія "За Вела-Брэст!" распачалася ў жніўні 2011 года. Яе галоўная мэта — стварэнне спрыяльных ўмоваў для бесперашкоднага роварнага руху па вуліцах Брэста. Актывістам кампаніі таксама належыць ініцыятыва стварэння ў горадзе велапарковак ў людных месцах і магчымасць пераходу польскай мяжы на ровары ў пункце пропуску "Варшаўскі мост".
Па словах каардынатара кампаніі Уладзіміра Красько, для большай эфектыўнасці сваёй дзейнасці актывісты вырашылі прайсці працэдуру рэгістрацыі. Пра перспектывы ўжо зарэгістраванай кампаніі расказвае Уладзімір Красько:
"Гэта дае магчымасць звяртацца ў розныя ўстановы, у тым ліку і дзяржаўныя. Таксама шукаць супрацоўніцтва з адукацыйнымі ўстановамі. Ну і ў тым ліку супрацоўнічаць з іншымі роварнымі клубамі горада, але ўжо як юрыдычная адзінка".
Дарэчы, зарэгістраваць кампанію атрымалася з першага разу. Уся працэдура ад падачы заяўкі да атрымання сертыфікату заняла тры месяцы.
Уладзімір Красько прызнаецца, што з боку ўладаў усё ж такі былі пэўныя перашкоды і незаконныя патрабаванні. Напрыклад, заяўніка прымушалі прад’явіць статут арганізацыі. Роварныя актывісты гэта праігнаравалі, але ў выніку іх усё роўна зарэгістравалі.
Назва “За Вела-Брэст” цяпер афіцыйна значыцца ў адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Красько дадае, што зарэгістравацца як інфармацыйна-асветніцкая ўстанова дапамог досвед удзелу ў грамадскіх арганізацыях.
"У грамадскім жыцці актывісты кампаніі "За Вела-Брэст" удзельнічаюць ужо 14 гадоў. І ў прынцыпе, ведаючы беларускае заканадаўства, нават спробы зарэгістравацца, як грамадская арганізацыя не было. І адразу быў выбраны найбольш просты фармат — установа, які таксама дае магчымасць дзейнічаць, як юрыдычная асоба".
Сёлета кампанія "За Вела-Брэст" засяродзіцца на "роварнай адукацыі" школьнікаў. Актывісты плануюць праводзіць у школах спецыяльныя заняткі па бяспецы роварнага руху ў нефармальнай абстаноўцы.
Таксама ў планах на 2015 год — адсочваць і кантраляваць рэалізацыю праекта па развіцці велаінфраструктуры ў горадзе, бо на дадзены момант ён выконваецца са спазненнямі.
Нагадаем, што Брэсцкі гарвыканкам прыняў прапановы роварных актывістаў. Пажаданні па развіцці велаінфраструктуры ўключылі ў Генплан горада. Рэалізацыя яго акурат заканчваецца ў 2015 годзе.
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма