Канцэрты, прысвечаныя халакосту, адмянілі праз данос. Чаму Ізраіль маўчыць
pixabay.com
Пасля ліста ад неабыякавага грамадзяніна па рашэнні Мінкульта ў Мінску адмянілі канцэрты да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту "Жоўтыя зоркі". Яны павінны былі адбыцца 20 і 22 студзеня 2022 года ў Белдзяржфілармоніі. У лісце гаварылася, што праекты накшталт "Жоўтых зорак" падаюцца як дабрачынныя. На самай жа справе грошы ад іх ідуць на падтрымку апазіцыйных арганізацый, напрыклад гродзенскага хоспіса. Дый выступаюць на іх артысты, якія ўдзельнічалі ў незаконных акцыях.
Адмена канцэртаў, прысвечаных тэме халакосту, па ідэі, павінна была выклікаць абурэнне ў многіх, у тым ліку і ў ізраільскіх уладаў. Аднак ніякай рэакцыі не было. Еўрарадыё спытала ў палітолага і гісторыка, чаму такая, можна сказаць, антысеміцкая выхадка беларускіх чыноўнікаў засталася незаўважанай.
Палітолаг Міхаіл Пеліверт: "Ізраіль заняў умоўную пазіцыю "цішэй вады ніжэй травы"
На думку ізраільскага палітолага Міхаіла Пеліверта, не варта чакаць бурнай рэакцыі з нагоды адмены "Жоўтых зорак" ад Ізраіля, таму што ў адносінах з нашай краінай ёсць некаторыя нюансы.
— У нас тонкія, далікатныя адносіны з Расіяй, яна ў пэўным сэнсе наша суседка. Беларусь — гэта асацыяваная з Расіяй дзяржава. Акрамя таго, прэзідэнт Беларусі лічыцца чалавекам непрадказальным. Ізраільскае МЗС, мне здаецца, наогул слаба ўяўляе, як трэба выбудоўваць адносіны з Беларуссю. Таму лічыць за лепшае не выбудоўваць іх зусім, — расказвае палітолаг. — Беларусь знаходзіцца не ў прыярытэце нашых знешніх сувязяў.
Таму, па словах Міхаіла Пеліверта, узаемадзеянне з Беларуссю было вынесена за апошнія 10 гадоў на перыферыю інтарэсаў Ізраіля.
— Ізраільскую амбасаду ў Беларусі некалькі разоў хацелі закрыць. Нягледзячы на тое, што яна абыходзіцца ўсяго толькі ў мільён долараў у год. Гэта для дзяржавы невялікія грошы. Але пры гэтым у Міністэрстве замежных спраў лічылі, што толку ад яе асаблівага няма.
Аднак былі і станоўчыя моманты, адзначае палітолаг. Напрыклад, беларусы могуць лётаць у Ізраіль без віз, а іх грамадзяне да нас.
Як кажа суразмоўнік, ізраільскія СМІ не пісалі пра адмену канцэртаў і прычыны, з якіх гэта адбылося. Адзінае, што цяпер пішуць пра нашу краіну там, — гэта што "ў Беларусі цяпер знаходзіцца ізраільская грамадзянка".
— Нядаўна была затрымана ізраільская адвакатка праз тое, што ў яе знайшлі медыцынскі канабіс. У яе быў на яго дазвол. Гэта чалавек з бездакорна чыстай рэпутацыяй, які ніколі не прыцягваўся ні па адной справе. І гэтае пытанне не было вырашана так хутка, як чакалася, — каментуе сітуацыю Пеліверт. — Я не хачу яе называць закладнікам. Але гэта ізраільскі грамадзянін, які з пункту гледжання нашых законаў затрыманы неправамерна. Усе вельмі заклапочаныя яе вяртаннем дадому.
Палітолаг лічыць, што ніякіх рэзкіх заяваў праз адмену канцэртаў не будзе і таму, што асноўны прынцып вядзення адносін з Беларуссю ў Ізраіля выбудаваны вакол беларускай габрэйскай суполкі. Гэта, па розных ацэнках, ад 30 да 60 тысяч чалавек.
— Большасць людзей, якія займаюцца адносінамі з Беларуссю, лічаць, што трэба зрабіць так, каб гэтай суполцы было жыць камфортна. Таму ніякіх рэзкіх палітычных заяваў ізраільскі ўрад рабіць не будзе. Ён устрымаецца.
Яшчэ адзін момант адносін Беларусі з Ізраілем. У нас пражывае каля 120 тысяч выхадцаў з Беларусі. Што электаральна складае досыць важную палітычную сілу. У асноўным гэтыя людзі — апаненты, крытыкі рэжыму. Тут некалькі разоў праходзілі досыць вялікія выступы супраць таго, што адбываецца ў Беларусі.
І вось з гэтых меркаванняў — не нашкодзіць габрэйскай суполцы ў Беларусі, а з другога боку, не раззлаваць вялікую колькасць выбаршчыкаў, якія знаходзяцца тут, Ізраіль заняў умоўную пазіцыю "цішэй вады ніжэй травы".
Гісторык Аляксандр Фрыдман: "Гэта быў бы скандал у любой краіне, акрамя Беларусі"
Аляксандр Фрыдман лічыць, што калі падыходзіць да пытання з адменай канцэртаў у памяць ахвяр халакосту ў агульным кантэксце таго, што адбываецца ў Беларусі, то гэта зусім звычайная сітуацыя.
— Паступіў сігнал, у гэтым выпадку данос. І чыноўнікі адразу ж перастрахоўваюцца. Таму што ў дзяржорганах пануе такая атмасфера страху і боязь пралічыцца, запляміць сябе, што яны рэагуюць і асабліва не задумваюцца пра наступствы. Не глядзяць, які канцэрт, што там павінна было выконвацца, на тэму халакосту ён ці на нейкую іншую. Думаю, што ў гэтым выпадку Міністэрства культуры нават асабліва не ўнікала, што гэта за мерапрыемства. І адразу ж вырашыла забараніць, — кажа гісторык. — Вядома, калі паглядзець з іншага боку, што за мерапрыемства было забаронена, гэта ні ў якія вароты не лезе.
Аднак самым жахлівым у гэтай сітуацыі Аляксандр Фрыдман лічыць тое, што падобнае з боку Беларусі ўжо нікога не здзіўляе.
— Не здзіўляе, што хтосьці напісаў данос. Напісалі, удумайцеся, што гродзенскі хоспіс — гэта апазіцыйная арганізацыя. І беларускі чыноўнік чытае вось такое трызненне, разглядае яго. З гэтай нагоды прымаюцца нейкія рашэнні. Гэта жудасна! Але паглядзіце, мы гаворым пра гэта даволі спакойна, — працягвае суразмоўнік. — Да такіх навін з Беларусі прывыклі. Калі б такая навіна прыйшла з Расіі або Украіны, можа, нехта б яшчэ і дзівіўся, абураўся. А чаго чакаць ад Беларусі? У параўнанні з пажаданнямі старшыні еўрапейскай камісіі Урсуле фон дэр Ляен быць згвалтаванай на беларускай мяжы з вуснаў аднаго прапагандыста на дзяржТБ адмена нейкага канцэрта даволі банальная.
Па словах Фрыдмана, гэта быў бы скандал у любой краіне, акрамя Беларусі. Таму што ў нас гэта не самае абсурднае, што адбывалася. Дый, як ён адзначае, тэма халакосту беларускімі ўладамі выкарыстоўваецца толькі ў прапагандысцкіх мэтах. А якія-небудзь мерапрыемствы збоку, якія не ўзгадняюцца дзяржавай, проста забараняюцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.