Канкурсантаў “Басовішча” абяруць без “Адборышча”

Конкурс сярод маладых гуртоў з Беларусі, пераможца якога паедзе на фестываль “Басовішча”, сёлета адбудзецца не ў выглядзе жывога канцэрту, а праз інтэрнэт. Прыём заявак ужо абвешчаны і працягнецца да канца траўня.

“Для ўдзелу ў конкурсе ўсе жадаючыя мусяць даслаць нам два аўдыёфайлы фармату mp3 і адзін відэафайл у фармаце avi каб мы маглі пабачыць, як гурт выглядае на сцэне або на рэпетыцыйнай кропцы. Гэта можа быць і канцэртны запіс”,— тлумачыць каардынатар “Басовішча” па СМІ Ілона Карпюк.

У першы тыдзень чэрвеня арганізатары абяруць аднаго пераможцу, які і выступіць на Басовішчы-2013, а таксама атрымае грашовы прыз.

Цяпер арганізатары фестывалю вывучаюць зацікаўленасць да оўпэн-эйра ды збіраюць інфармацыю па прыкладнай колькасці наведвальнікаў Басовішча-2013. Згодна з атрыманымі звесткамі, стане зразумела, колькі бясплатных віз для беларусаў выдасць польскае консульства.

“Ведаем, што ёсць адкрытасць з боку амбасады Польшчы, і будзе аказаная дапамога ў візах для наведвальнікаў фэсту, — распавядае Ілона Карпюк. — Цяпер не магу сказаць канчаткова, для якой колькасці людзей будуць падрыхтаваныя такія бясплатныя візы”.

Прынцып, па якім уладальнікі бясплатных віз трапяць менавіта на фестываль, а не за пакупкамі, арганізатары пакуль не раскрываюць.

Нагадаем, удзел у “Басовішчы-2013” возьмуць Pomidor/OFF, “Перкалаба”, Orkiestra Klezmerska Teatru Sejneńskiego, Akute, Dzieciuki, The Toobes, Indios Bravos, Re1ikt, Masala, Vinsent, Zabelov & Kinior. На пачатку чэрвеня да гэтага спісу дададуцца яшчэ некалькі ўдзельнікаў. А пройдзе фестываль 19-20 ліпеня ў мястэчку Гарадок недалёка ад беларуска-польскай мяжы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі