Як на “Басовішчы” рыкаў Таболіч, а Крама адправіла інструменты ў Пецярбург
Еўрарадыё ўзгадвае гісторыі ды байкі, якія весялілі фестывальную тусоўку ўсе 24 гады існавання.
Яшчэ не было такога “Басовішча”, каб хто-небудзь з беларускіх музыкаў не “адзначыўся” і не стаў героем смешных фестывальных баек. Напярэдадні чарговага оўпэн-эйра Еўрарадыё ўзгадвае гісторыі, якія найбольш запомніліся наведвальнікам і дагэтуль выклікаюць ўсмешку.
Лідар гурта Znich Алесь Таболіч у 2000-м едзе на “Басы”, як зорка, а не канкурсант. Ён апрануты ў пінжак і актыўна дапамагае арганізатарам з каардынацыяй дзеянняў беларусаў (адсочвае стан музыкаў у аўтобусах, кантралюе колькасць і працягласць прыпынкаў на прыбіральню…). На мяжы Znich нечакана губляе бубнача! Яго адпраўляюць дамоў, бо ў яго скончыўся штампік-дазвол на выезд за мяжу (былі такія зусім нядаўна). Нягледзячы на адсутнасць рэпетыцый і слабае знаёмства з матэрыялам, бубнач Ulis Ганс пагаджаецца падзарабіць і дапамагчы “Знічам”. Сам факт, што выступ адбудзецца, вельмі ўзрушвае музыкаў і “Басовішча” для іх пераўтвараецца ў “Бясовішча”.
“Прачынаюся я каля дрэва, а ўвесь натоўп пад сцэнай крычыць “Таболіч!”, — узгадвае Алесь і папярэджвае, што большую частку гісторыі ведае выключна па словах відавочцаў. — Мне падавалася, што я спяваю, але, як высветлілася, я проста рыкаў. У выніку, зваліўся са сцэны. На гэтым выступ металічнага гурта ператварыўся ў панкаўскі і быў скончаны. На раніцу мне Піт Паўлаў паказвае беластоцкую газету і кажа: “Пра вас тут напісалі больш чым пра нас!”. На галоўнай старонцы мая фотка, дзе адно вока глядзіць у адзін бок, другое — у іншы. У валасах, на вопратцы нейкае лісце, кветачкі, грыбочкі… карацей, на сцэне стаіць пачвара! Я як убачыў, дык афігеў!”
З таго выступу Алесь яскрава памятае, як гітарыст гурта качаецца па сцэне ды па нейкіх дзіўных прычынах грае Nirvana, “новы” бубнач тым часам лупіць нешта сваё, а адзіная цвярозая вакалістка спрабуе нешта пад гэта ўсё спяваць.
Музычная газета ў 2000-м годзе так апісала той выступ:
“Выходзіць вакаліст — барадаты такі, валасаты, хістаецца. Яму паказваюць, дзе мікрафон. Ён яго не бачыць, але ўсё роўна бярэ. Разглядае. Усе музыкі чакаюць. Узгадаў, што гэта такое. Матнуў галавой: кшталту, можна спяваць. Уступаюць музыкі. Бубнач (Ганс, натуральна) пачынае найграваць нейкія меладычныя рытмы накшталт улісаўскай "Чаму" (ну, яму ж сказалі: "Грай так павольна, у чатыры чвэрці"). Басіст Паша яго не чуе ці не жадае чуць, а можа, проста не разумее, што ды навошта ("бо мы ж метал граем, да таго ж, цяжкі"), і пачынае падладжвацца пад Ганса, але ні разу за ўсе чатыры песні так і не трапляе ні ў адну ноту. Новы гітарыст Hell мае пра ўсё сваё меркаванне: я сваю партыю вывучыў, так што вы, хлопцы, мяне не праведзяце, і, утаропіўшыся ў грыф гітары, зацята гне сваю партыю. Тым часам Таболіч працягвае разглядаць мікрафон, але ўжо пачынае падаваць прыкметы жыцця, час ад часу з выглядам, быццам глядзіць у мікраскоп, утаропліваецца поглядам у гледачоў побач. Тут выходзіць на сцэну новая вакалістка — дзяўчынка нечакана правільная (у нейкім палатне і падвяўшым вяночку на галаве) — і пачынае спяваць тое, што вывучыла. Пад канец песні прачнуўся Таболіч. І заспяваў! Хапіла яго, праўда, толькі на адзін рык (рык — гэта калі гроўлінгам так рыкаюць адзін раз: р-р-р-р-р), пасля чаго Алесь здаўся і змяк. За яго спінай каша працягвала варыцца".
Будучы сведкамі той панкаўскай вакханаліі, дададзім ад сябе, што акрамя “рыку” Алесь здолеў прывітаць публіку фразай: “Будзьмаразма!”. А потым лідар Znich спрабаваў скупіць усе нумары газеты, але не паспеў: яго маці ўсё ж прачытала артыкул і моцна пакрыўдзілася на сына.
Алкагольных гісторый з “Басоў” вельмі шмат. Менавіта піва ледзь не становіцца прычынай знікнення нятаннай гітары, прымочак ды рэчаў у гітарыста “Крамы” Сяргея Трухановіча.
“Я разам з гукарэжысёрам прыехаў на ад’езд аўтобуса раней на хвілін 40. Гукач кажа: “Ну што! Можа, пойдзем піўка возьмем!” Я спачатку прапанаваў дачакацца астатніх, каб рэчы пакінуць, але потым бачым, што аўтобус стаіць, нехта туды грузіцца. Падышлі, спыталі ці на фэст едуць, сказалі: “На фэст”. Мы пакінулі рэчы і пайшлі па піва. Вяртаемся, а аўтобус сышоў! Як высветлілася, гэты аўтобус ехаў на 300-годдзе Пецярбурга, а наш на той момант яшчэ і не прыйшоў”.
Сяргей едзе на машыне ў кірунку Брэста, спадзеючыся, што менавіта туды і павезлі яго інструменты. Пэўны час пільнуе аўтобус непадалёк ад польскай мяжы, але так і не знаходзіць яго. У выніку на “Басах” Сяргей выступае з чужым інструментам. Па вяртанні ў Мінск Трухановіч абзвоньвае больш за 100 турыстычных агенцтваў, каб знайсці свае інструменты... І знаходзіць!
Сама дарога на “Басовішча” — прыгода. У 2009 годзе падчас спынення на перакур/прыбіральню вакалістку “Бан-Жвірба” Крысціну ў самы адказны момант кусае змяя. На трасу выклікаюць хуткую, і дзяўчыну вязуць у лякарню. Медыкі вызначаюць, што жыць будзе, і Крысціна паспявае на свой выступ на фэсце.
За некалькі гадоў да гэтага па дарозе забываюць гукарэжысёра Сяргея “Шлёму” Лабандзіеўскага. У выніку ён некалькі кіламетраў бяжыць за аўтобусам, нават, губляе абутак. Знікненне Шлёмы заўважаюць і вяртаюцца! Вось толькі абутак застаецца недзе на трасе. Ледзь не ў той самы год па дарозе назад забываюць і вакаліста гурта Imprudence Паўла Карнюшына. Яго не заўважылі ў спартовай зале, дзе жылі музыканты: памяты Паша спаў пад матамі.
Лідар Pomidor/OFF ды па сумяшчальніцтве самы часты вядучы “Басоў” надоўга запомніць відовішчнае падзенне на сцэне. Калегі і музыкі смяюцца, што Саша напіўся і не ўтрымаўся! Але сам Аляксандр Памідораў з такім тлумачэннем катэгарычна не згодны і, нават, мае таму доказы.
“Сцэна “Басовішча” гэта бетонная хрэнь, абшытая дошкамі. Як была яна пабудаваная ў годзе 1994-м, так і стаяла. І вось я выходжу абвяшчаць нейкі там гурт, і пада мной ломіцца дошка. Безумоўна, я маляўніча падаю! Але была рызыка зламаць нагу, бо правалілася яна недзе па калена, — цяпер ужо з усмешкай распавядае Памідораў. — Безумоўна я выпіў перад гэтым, але не столькі, каб зваліцца. На наступны ж дзень месца майго падзення было забіта жалезным лістом. На сцэну ўздымаецца беластоцкі гурт 5set5, вакалістка Ілона Карпюк крычыць нешта кшталту “Прывітанне, “Басовішча!”” і таксама правальваецца. Так жа маляўніча, як і я, толькі ў іншым месцы”.
Падаюць музыкі не толькі на сцэне “Басовішча”, але і з яе. Былы клавішнік Neuro Dubel Макс Івашын прызнаецца, што ў 2002-м яго падвёў алкаголь і… дождж:
“На той момант я ўжо быў “добры”! Выйшаў на песні, дзе не граю, на край сцэны, каб разагрэць народ, пакрычаць з ім. Там жа над самай сцэнай брыль, а край сцэны залівала. Вось я і пахіснуўся, паслізнуўся, зачапіўся за дрот і… “Панікоўскі ляснуўся на зямлю, як жаба”! Сітуацыя дзікая! Стаіць ахоўнік, глядзіць на мяне круглымі вачыма, а я спрабую заскочыць на сцэну. Але сцэна там высокая, недзе па грудзі, таму не атрымалася заскочыць і давялося аббягаць. Зад потым так балеў, што ў панядзелак я на працу не пайшоў, дакульгаў толькі ў аўторак”.
Таксама ў еўрарадыйны ТОП здарэнняў на “Басах” трапляюць згубленыя ў 2012 годзе ключы ад новенькага буса “Кальмараў”. Там закрытыя ўсе інструменты, выступ пераносіцца і пачынаецца толькі калі хлопцы выбіваюць шкло.
Другі дзень “Басовішча-2002”. Арганізатары дазваляюць музыкам паехаць на закупкі ў Беласток, канцэрт затрымліваецца на некалькі гадзін.
У 1995 годзе папулярны і чаканы гурт “Мроя” выходзіць без вакаліста, Лявон Вольскі з’ехаў у іншую краіну.
Недзе на пачатку 2000-х музыкаў цэнтралізавана кормяць ў школьнай сталоўцы. Абед з “бігуса” спараджае чаргу ў прыбіральню. Слава Корань падколвае ўсіх тым, што папярэджваў аб небяспецы тушанай капусты з каўбасой. Тым часам арганізатары вымушаныя хутка змяняць графік выступаў і падладжвацца пад стан музыкаў.
У 2001 годзе невядомы хлопец у чорным падыходзіць да гукарэжысёрскага пульта, чыіае малітву і са словамі "Сыходзь, Сатана!" вылівае два стаканы з вадой на пульт. Канцэрт спыняецца на некалькі гадзін. Ад гэтага моманту уваход на тэрыторыю фестываля з любымі напоямі забаронены, а месца гукарэжысёра агароджана і ахоўваецца.
1997 годзе ў конкурсе перамагае гурт “Кальян”! Хлопцы, прадчуваючы перамогу, пачынаюць яе адзначаць загадзя. Пасля доўгіх пошукаў іх дастаўляюць пад сцэну. Але ўзняцца за ўзнагародай для музыкаў — сапраўднае выпрабаванне. Нягледзячы на вельмі дрэнны стан, “Кальян” выдае выдатны сэт пераможцы.
1995 годзе арганізатары забываюцца замовіць апаратуру для сцэны: комбікі, маніторы і г.д. Стаіць толькі “панарама” (калонкі для гледачоў). На шчасце, побач адпачываюць уладальнікі беластоцкай музычнай крамы DUET, якія, пачуўшы аб праблеме, дапамагаюць яе хутка вырашыць.
Пагаворваюць, што выступ “Ляписа Трубецкого” на “Басовішчы-2010” паўплываў на два ўкраінскія канцэрты. Маўляў, Міхалку так спадабалася польскае піва, што наступныя выступы давялося адмяніць. Але гэта плёткі, якія на кожным “Басовішчы” нараджаюцца сотнямі. Хоць цалкам верагодна, што “заснаваныя” яны на рэальных падзеях…
Нагадаем, фестываль беларускай музыкі "Басовішча-2013" пройдзе 19–20 ліпеня на лясной палянцы Борык ля мястэчка Гарадок недалёка ад польска-беларускай мяжы. На ім выступяць Pomidor/OFF, Re1ikt, Clover Club, Vinsent, Akute, Perkalaba (Украіна), Indios Bravos (Польшча), The Toobes ды іншыя.
Фота: generation.by, another.by, budzma.org