Куды знікаюць пераможцы “Басовішча”?
Indiga распалася, Parason і Tłusta Łusta забыліся пра прызавы запіс. "Фляус и Кляйнн" і Ян Маўзер — у Кіеве, а Дана з гурта Impatt — у Эміратах.
Праз тыдзень пад польскім мястэчкам Гарадок адбудзецца XXIV фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча”. Еўрарадыё вырашыла даведацца, як распарадзіліся сваёй перамогай у конкурсе для маладых гуртоў на “Басах” лаўрэаты 2000-х, і як склаўся лёс тых, хто перамог.
Вакалістка PostScriptum Юля Белізяк прыгадвае, што перамогу гурта на “Басовішчы-2000” спрабавалі нібыта не заўважаць — не запрашалі на канцэрты ды лішні раз не ўзгадвалі. “Можа, не нас чакалі ўбачыць пераможцамі?” — смяецца Юля. Тым не менш, PostScriptum скарысталіся бонусам, атрыманым за гран-пры — 20 гадзін запісу ў польскай студыі! Тады гурт запісаў 4 песні для сінгла “Март” ды зняў кліп (глядзі ніжэй). Але неўзабаве пасля выхаду альбома “Вандроўка” у 2005 годзе PostScriptum спыніў існаванне.
PostScriptum
“Жаданне сабрацца зноў ёсць! — разважае Юля. — У прынцыпе, мы ж перасталі даваць канцэрты таму, што наш басіст з’ехаў у Маскву. А цяпер ён плануе вярнуцца, і хто ведае — можа, мы і збяромся зноў? Узгадаем нейкія старыя песні, можа з’явіцца азарэнне напісаць новыя”.
Пераможцы 2002 года, гурт Partyzone, скарысталіся галоўным запісам на польскай студыі “Герц” праз два гады! Часу хапіла толькі на тое, каб прапісаць барабаны. Запісаны матэрыял гурт пасля выкарыстаў у альбоме 2005 года “Смерці няма”. Цяпер Partyzone не граюць канцэртаў, але працягваюць сачыць за лёсам “Басоў”. Ды і сабрацца нанова музыкам не цяжка!
“Пасля перамогі на “Басовішчы” мы вялі даволі актыўную канцэртную дзейнасць, — прыгадвае лідар Partyzone Яўген Цылікаў. — Пасля арганізатары ўсё збіраліся запрасіць нас на юбілейны фестываль, але нешта так і не запрасілі. У любым выпадку, калі паклічуць, мы, натуральна, паедзем! Для такога выпадку мы б нават сабраліся і адрэпетавалі праграму”.
Partyzone
Для вакалісткі гурта Indiga Русі “Басовішча” стала стартавай кропкай у поглядах. У 2003-м гурт Indiga трапіў на фестываль з дапамогай паэта Андрэя Хадановіча і яго жонкі Марыны Шоды, якія дапамаглі музыкам перакласці песні на беларускую мову.
“Што тычыцца ўдзелу Indiga ў “Басовішчы”, для нас гэта, вядома, было вялікім задавальненнем і хваляваннем. Я лічу, што і для Indiga, і для мяне асабіста “Басовішча” стала стартавай кропкай, з якой пачалася мая творчая, а цяпер і асабістая беларусізацыя. Таму адносна фестывалю я заўжды адчуваю цёплыя пачуцці і ўдзячнасць”.
Indiga
Перамога ў конкурсе “Басовішча” у 2004 годзе ўратавала Tarpach ад шляху рэдкіх канцэртаў ды маруднай працы па рэпетыцыйных кропках, лічыць былая вакалістка гурта Святалана Сугака.
“Наш прыз мы вычарпалі цалкам: запісалі і выдалі альбом. Гэта перамога адназначна паўплывала на лёс гурта, інакш бы мы яшчэ доўга гралі канцэрты-салянкі, дзе кожны грае па дзве песні. А так, мы не толькі ў Мінску гралі, але і па Польшчы пакаталіся з канцэртамі”.
Tarpach
У 2006 годзе Святлана Сугака сышла з гурта, а месца вакалісткі Tarpach заняла Воля Самусік. Пазней гурт спыніў сваё існаванне. Святлана Сугака трапіла ў “Свабодны тэатр”, дзе працуе адміністратарам. Але “без музыкі ўжо нікуды”, прызнаецца спявачка, ды рыхтуе новы праект. Наконт тэрмінаў яго прэзентацыі Святлана пакуль не робіць прагнозаў: “Ён з’явіцца, можа, праз год, а можа — праз дзесяць!” Але музыка жыве ў ва мне, і я ўвесь вольны час ёю займаюся”.
Пасля перамогі на “Басовішчы” у 2006-м, гурт Parason два гады актыўна гастраляваў па Польшчы. Музыкі атрымалі 600 долараў у якасці грашовага прызу ды 60 гадзін запісу ў беластоцкай студыі. Занятыя гастролямі, Parason так і не скарысталіся запісам. А калі ўзгадалі пра яго, высветлілася, што і студыя ўжо зачынілася.
“Фестываль дазволіў нам займець добрага польскага менеджара, праехацца па Польшчы з вялікім турам, сыграць шмат канцэртаў і зарабіць шмат грошай. А пасля мы проста пасварыліся і разышліся, — распавядае гітарыст гурта Віталь Зыблюк. — І ўвогуле, я думаю, што “Басовішча” — пахавальны фестываль для беларускіх гуртоў. Таму што шмат якія гурты пасля яго проста развальваліся і пераставалі існаваць. Не хачу сурочыць тых, хто яшчэ дагэтуль жывы, дай Бог ім далейшага існавання”.
Parason
Прызёры 2008 года, гродзенцы Tłusta Łusta лічаць, што перамога на “Басах” стала для гурта адмысловым піярам. 25-цю гадзінамі у студыі на радыё “Беласток” гурт не скарыстаўся, а самастойна запісаў альбом у Беларусі.
“За грашовы прыз мы набылі абсталяванне і некаторыя інструменты. З’явіўся штуршок ствараць нешта новае, ісці далей, гэта добра адбілася на нашай канцэртнай дзейнасці”.
Tłusta Łusta
З некаторымі пераможцамі ў Еўрарадыё звязацца не атрымалася. “Фляус и Кляйнн” растварыліся недзе ў Кіеве і падаюць слабыя прыкметы жыцця ў сацыяльных сетках. Ян Маўзер таксама ў Кіеве і не хоча ўзгадваць сваё музычнае мінулае.
Impatt
Вакалістку гурта Impatt Дану Еўрарадыё адшукала ў Арабскіх Эміратах, але спявачка так і не знайшла часу на размову. А самы паспяховы на дадзены момант пераможца “Басоў” 2000-х, які дажыў да нашага часу, — гэта гурт Akute. Цьфу-цьфу-цьфу…