Канстытуцыйны суд Іспаніі прызнаў незаконным рэферэндум у Каталоніі
17 кастрычніка Канстытуцыйны суд Іспаніі заявіў пра незаконнасць рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі, праведзенага 1 кастрычніка.
Паводле інфармацыі "Нямецкай хвалі", суддзі спаслаліся на тое, што плебісцыт адбыўся на аснове каталонскага "Закона аб рэферэндуме пра самавызначэнне", прынятага 6 верасня. А гэты закон, як кажуць у Канстытуцыйным судзе, супярэчыць іспанскай канстытуцыі і таму не мае законнай сілы.
Раней канстытуцыйны суд часова адмяніў гэты закон, бо на яго падаў пазоў цэнтральны ўрад у Мадрыдзе. У пастанове суда, вынесенай 17 кастрычніка, гаворыцца, што каталонскі закон аб рэферэндуме парушае прынцып нацыянальнага суверэнітэту і "непарыўнага адзінства іспанскай нацыі".
Тым часам кіраўнік каталонскай адміністрацыі Карлес Пучдэмон дагэтуль не даў прамога адказу на пытанне пра тое, ці абвясціў ён афіцыйна незалежнасць Каталоніі ад Іспаніі. Афіцыйны Мадрыд даў яму на адказ час да 10-й гадзіны раніцы 19 кастрычніка.
Прадстаўнік каталонскіх уладаў у аўторак заявіў, што адказу не будзе і 19 кастрычніка, бо Пучдэмон даў яго 16-га. У лісце да прэм'ер-міністра Іспаніі Марыяна Рахоя кіраўнік Каталоніі прапанаваў як мага хутчэй сустрэцца і прызначыць двухмесячны тэрмін для дыялогу.