Капскі: У гульцоў БАТЭ някепскія заробкі, а я жыву, прабачце, з голай ж...

Капскі: У гульцоў БАТЭ някепскія заробкі, а я жыву, прабачце, з голай ж...

Старшыня праўлення ФК БАТЭ Анатоль Капскі пракаментаваў вылет каманды з футбольных еўракубкаў. У чацвер на "Барысаў-Арэне" ў матчы плэй-оф Лігі Еўропы з "Астаной" была зафіксаваная нічыя 2:2 (у гасцях было 0:2).

"У гульцоў някепскія заробкі ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі ў краіне, — цытуе словы Капскага "Прессбол". — Скажу шчыра, я ў клубе нічога не атрымліваю. Нават прэміяльных за Лігу чэмпіёнаў. Жыву, прабачце, з голай ж...й ужо 50 гадоў. Пры гэтым сплю па 5 гадзін на дзень. Значыць, астатнія так павінны працаваць".

Паводле слоў Анатоля Капскага, Аляксандр Глеб застанецца ў БАТЭ да канца сезона. Яго, як вядома, у чарговы раз "вярнулі" ў каманду ў разліку на ўдзел у групавым турніры Лігі чэмпіёнаў, а ў выніку не ўдалося выйсці нават ў групавы раўнд Лігі Еўропы. "А далей пабачым. Да яго ніякіх прэтэнзій. Чалавек змагаўся за клуб і атрымаў сур'ёзную траўму", — сказаў старшыня праўлення ФК БАТЭ.

Як вядома, у гасцявым матчы з "Астаной" Глеб атрымаў пералом скулы, у Мінску яму зрабілі аперацыю. Дарэчы, Капскі сказаў, што калі траўмаванага Глеба замянілі, "усе апусцілі вушы і сталі адхінацца ад мяча".

Галоўная інтрыга — ці адправіць кіраўніцтва ФК БАТЭ ў адстаўку галоўнага трэнера Аляксандра Ермаковіча. Сам Ермаковіч распавёў, што ў бліжэйшыя дні кіраўніцтва будзе вырашаць, "што рабіць далей".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі