“Карацей, выжылі… пакуль”: праверка ў шоў-руме Honar цягнулася тры гадзіны
“Карацей, мы выжылі… пакуль, — распавядае Еўрарадыё заснавальнік брэнда беларускай вопраткі Honar Павел Доўнар. — Праверка працягнецца да 28 траўня. Я, праўда, не разумею, што тут рабіць столькі часу”.
6 траўня каля 13:00 да дызайнераў прыйшлі супрацоўнікі Дзяржстандарта. Нечаканыя госці сказалі, што іх паслала кіраўніцтва. Праверка працягвалася тры гадзіны.
“Вось гэта самае цікавае. Яны прыйшлі, наколькі я разумею, нас неяк падтрымаць. Падчас гэтага правяралі дакументы і маркіроўку адзення ў адпаведнасці з тэхнічнымі рэгламентамі Мытнага саюза і Еўразійскага Эканамічнага Саюза. Я гэты ўказ [“Аб падтрымцы эканомікі”, на падставе якога праводзілася праверка. — Еўрарадыё] чытаў. Так, згодна з ім могуць праводзіцца пазапланавыя праверкі. Як ставіцца да гэтага, не ведаю. Дзіўна. Але калі цябе не забілі ў нашай краіне, значыць, не так усё дрэнна”.
Павел кажа, што адзенне фатаграфавалі. Заснавальнік брэнда жартуе: мо, кіраўніцтва Дзяржстандарта саромеецца замаўляць сабе Honar праз сайт і наўмысна адправіла падначаленых паглядзець — ну як там якасць? Можна браць ці не?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.