Караткевіч паскардзілася на Лукашэнку ў ЦВК

Караткевіч паскардзілася на Лукашэнку ў ЦВК

Кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч 25 верасня падала ў Цэнтрвыбаркам скаргу на Аляксандра Лукашэнку. У ёй адзначаецца, што падчас агітацыйнай кампаніі яе даверанымі асобамі і сродкамі масавай інфармацыі былі зафіксаваныя парушэнні патрабаванняў заканадаўства з боку каманды Лукашэнкі.

У прыватнасці, дзяржаўныя СМІ ў паведамленнях аб выбарчай кампаніі выкарыстоўваюць элемент афармлення — графічны знак (лагатып) у выглядзе галачкі ў форме літары "V" лацінскага алфавіту, размаляванай у арнамент і колеры дзяржаўнага сцяга. “Ідэнтычны элемент афармлення выкарыстоўваецца і ў агітацыйнай кампаніі кандыдата Лукашэнкі, што з'яўляецца скрытай формай агітацыі з боку дзяржаўных СМІ за аднаго з кандыдатаў”, — лічыць Караткевіч.

“На 16 верасня 2015 года, паводле інфармацыі ЦВК, расходаў з выбарчага фонду Лукашэнкі не ажыццяўлялася. Указаная прадукцыя, безумоўна, з'яўляецца агітацыйнай, бо ўтрымлівае лозунг кандыдата, пад якім ён ажыццяўляе сваю агітацыйную кампанію, а таксама лагатып, які выкарыстоўваецца ў яго агітацыйнай друкаванай прадукцыі. Гэта прадукцыя скіравана на схіленне грамадзян да галасавання за пэўнага кандыдата. Аднак яна выраблена не за кошт выбарчага фонду кандыдата”, — гаворыцца ў скарзе.

Караткевіч лічыць, што, “такім чынам, агітацыя за гэтага кандыдата, як і ў выпадку з выпускам партыі маек, так і ў выпадку публікацый у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі і правядзення серыі канцэртаў пад эгідай дзяржаўнага тэлеканала ОНТ і Міністэрства культуры, адбываецца не за кошт выбарчага фонду кандыдата ў прэзідэнты, а ў тым ліку за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту, што з’яўляецца недапушчальным і супярэчыць патрабаванням Выбарчага кодэкса”.

Кандыдат патрабуе правесці праверку выкладзеных у скарзе акалічнасцяў і разгледзець яе на калегіяльным пасяджэнні Цэнтральнай камісіі. Таксама яна патрабуе ад ЦВК распачаць меры па недапушчэнні злоўжывання дзяржаўнымі СМІ з боку кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі, паведамляе БелаПАН.

Дарэчы, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ўжо каментавала, што выпуск маек з’яўляецца камерцыйнай дзейнасцю, таму іх продаж, а не бясплатнае распаўсюджванне, законны. Паводле слоў Ярмошынай, каманды іншых прэтэндэнтаў таксама могуць выпускаць прадукцыю і прадаваць яе. А лагатып у выглядзе галачкі ў форме літары “V” з'яўляецца брэндам, які быў распрацаваны БелТА і выкарыстоўвае каманда Лукашэнкі, і можа выкарыстоўвацца любым ахвотным, у тым ліку камандамі іншых кандыдатаў у прэзідэнты.

Фота: belaruspartisan.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі