Карціна Пэна на беларускім аўкцыёне апынулася копіяй іншага твора

Карціна Пэна на беларускім аўкцыёне апынулася копіяй іншага твора

За 4 дні кошт карціны Юдэля Пэна, выстаўленай на адзін з беларускіх інтэрнэт-аўкцыёнаў 24 красавіка, узняўся да 6250 рублёў. І гэта нягледзячы на тое, што сапраўднасць працы дагэтуль выклікае сумневы ў пакупнікоў.

У распараджэнне Еўрарадыё трапіла копія атрыбуцыйнага заключэння карціны, выдадзенага ў Нацыянальным мастацкім музеі. Экспертыза высветліла, што праца апынулася аўтарызаванай копіяй іншай карціны. Яна належыць пэндзлю Юдэля Пэна — яго аўтарства “можа быць пацверджанае”. Але сапраўдны аўтар сюжэта, скапіяванага віцебскім мастаком — невядомы еўрапейскі майстар XVIII-XIX стагоддзяў.

У атрыбуцыйным заключэнні сказана, што кампазіцыйна і пластычна карціна не характэрная для творчасці Юдэля Пэна сярэдзіны 1900-х гадоў. "Твор вывучаны візуальна і з дапамогай тэхніка-тэхналагічных метадаў даследавання. Даследаванне ў інфрачырвоных праменях паказала добра распазнавальны, не перакладны аўтарскі малюнак і маштабную сетку-разбіўку палатна на квадраты, якая ўжываецца пры капіяванні малюнка іншых памераў".

Карціна Пэна на беларускім аўкцыёне апынулася копіяй іншага твора

Па словах экспертаў, відавочна, што карціна з аўкцыёна — копія іншага твора. Гэта пацвярджаецца наяўнасцю сеткі-разбіўкі пад пластом фарбы. Верагодней за ўсё, карціна капіявалася з гравюры, рэпрадукцыі ці фатаграфіі, то бок з чорна-белага малюнка, што дазволіла Ю. Пэну паставіць подпіс на гэтай працы як на творчай аўтарызаванай копіі.

Не ўсё так проста і з датаваннем карціны: "Дата "1905", якая змешчаная ў надпісе на абароце палатна, можа быць як датай стварэння карціны, так і датай нанясення надпісу. Таму можна сцвярджаць толькі, што карціна была створаная не пазней за 1905 год".

Карціна Пэна на беларускім аўкцыёне апынулася копіяй іншага твора

Подпіс на карціне можа быць сапраўдным подпісам Юдэля Пэна: ён "мае рысы падабенства з надпісам на абароце, а таксама з пэўнымі ўзорамі подпісаў Ю. Пэна. Аднак наяўнасць аўтарскіх надпісаў на абароце не характэрная для прац Пэна. Магчыма, ён быў зроблены для ўдзелу ў выставе, або, што хутчэй за ўсё, яна была выкананая на замову ці прызначалася для падарунка".

Пры гэтым усім эксперты прыйшлі да высновы, што карціна мае "мастацкую, культурную, музейную і гістарычную каштоўнасць".

Продаж карціны пачаўся з аднаго рубля. Сёння за карціну прапануюць 6250 рублёў. Але гэта не шмат: у Расіі за працы Пэна просяць да $90 тысяч. Да канца аўкцыёна засталося яшчэ тры дні.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі