“Кассиопея”. “Сердце отдаю детям”

130201_agljadacha.mp3

Галоўныя дзівакі і фрыкі беларускага кангламерату запісалі трэцюю кружэлку. Гэтым разам гурт вырашыў не распыляцца доўгімі разумнымі расповедамі пра пласцінку. Музыкі абыйшліся кароткай прэлюдыяй: “Усё як звычайна: п’яненька, весела і задорна”.

Новую пласцінку “Кассиопея” прысвяціла дзецям. Ці той бестурботнасці і весялосці, з якімі хочацца заставацца да канца жыцця не гледзячы на артрыт, склероз і глыбокія маршчыны. Натуральна, што ўздзельнікаў трыа ад вышэй пералічанага выратуе менавіта адданасць дзяцінству як адзіна правільнай жыццёвай філасофіі.

На альбоме “Сердце отдаю детям” пануе ўсё той жа псіха-поп. Праўда, у адрозненне ад папярэдняга дыску “Стивен Кинг и мы” тут усё куды больш проста. Гэтым разам “Кассиопея” закранае праблемы старэння (“Солнце”), захавання дзявочай чысціні (“Береги”), задаецца вывучэннем ўнутраных узаемасувязяў сумлення і жадання (“Плевать хотел”)  і разважае пра наступствы славы (“Гага”).

Што тычыцца музыкі, то тут “Кассиопея” працягвае сваю генеральную лінію: надрыўна-рамантычны голас Чарапко-Самахвалава ўзвышаецца над сінтэзатарнымі эксперыментамі Ліберзона і гітарнымі вібрацыямі Сакалова. Абрысы мелодый па-ранейшаму выразныя, рытмы – пульсуючыя, гармоніі - адэкватныя, песні – кволыя і кранальныя, валодаюць дарам паступовай любові і прыцягненнем да сябе.

Сапраўднай навіной для аматараў “Кассиопеи” на альбоме “Сердце отдаю детям” стане кавер на “Русские танцы” піцерскага гурта “СПБЧ”. Музыкі выдалі свае, “Беларускія танцы”. Пры чым, гурт нібыта на адзін момант здымае маскі зайцаў і мядзведзяў, парыкі і ружовыя трыко. Паказвае сваю існасць, распавядаючы пра разнастайнасць беларускіх танцаў, і зноў хаваецца за “Стаканам”, плашчом Д’Артан’яна і спробай не старэць і не заўважаць, як уласныя дзеці заканчваюць 9-ы клас... “Кассиопея” можа зрабіць паўзу для папраўкі здароўя, але наўрад ці спішацца. А сэрцы аддаваць дзецям – гэта добры парыў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі