Кавалеўскі — пра пашпарт Новай Беларусі: "У праекта дакладна ёсць перспектыва"
Валер Кавалеўскі / Euroradio
Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага Кабінета Беларусі Валер Кавалеўскі расказаў, якія праблемы ўзніклі ў ініцыятараў праекта новага нацыянальнага пашпарта Беларусі. Паводле яго слоў, "праца працягваецца, штодзённая і напружаная", але "далёка не кожны крок паспяховы". Адна з асноўных праблем — немагчымасць падабраць неабходныя кадры пад орган выдачы пашпартоў.
"Людзі адмаўляюцца, бо разумеюць: публічная праца ў такім праекце — гэта рэпрэсіі з боку рэжыму ў адносінах да спецыяліста і яго родных, — цытуе словы Кавалеўскага прэс-служба Кабінета. — Пры гэтым мы шукаем высокакваліфікаваныя кадры, якіх не так шмат. Самая тэрміновая патрэба — у дырэктары органа выдачы. Гэта мусіць быць чалавек з менеджарскім досведам, валоданнем англійскай мовай, функцыяй публічных камунікацый, які ўсведамляе рызыкі".
Валер Кавалеўскі канстатуе, што ініцыятары трапілі "ў заганнае кола: пакуль мы не знойдзем людзей — не будзе органа выдачы", а "пакуль не будзе органа выдачы — не будзе ўзораў", а "пакуль не будзе ўзораў — не будзе пачынацца размова аб прызнанні".
Пра праект пашпарта Новай Беларусі стала вядома ў лютым 2023-га. У сакавіку 2024 года Аб'яднаны пераходны кабінет паведаміў пра стварэнне "пашпартнага цэнтра" і фармаванне "каманды прафесіяналаў", якая будзе займацца праектам. Быў агучаны нават графік, які ўжо неактуальны.
Кавалеўскі пакуль не можа назваць новыя тэрміны: "Ёсць абставіны, якія знаходзяцца па-за нашым кантролем. Прашу зразумець, што мы робім справу, якую ніколі не рабілі. Магу толькі прасіць аб цярплівасці. У праекта дакладна ёсць перспектыва".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.