Праект пашпарта Новай Беларусі пакуль "падвісае", прызнаўся Павел Латушка
Павел Латушка
З рэалізацыяй праекта пашпарта Новай Беларусі ўзніклі складанасці, піша агенцтва "Позірк" са спасылкай на кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку. Пра гэта палітык казаў напярэдадні на сустрэчы з беларускай дыяспарай у Любліне. Па-першае, пакуль не гатовыя самі ўзоры пашпарта. Па-другое, узнікла праблема з прызнаннем дакумента ў іншых краінах.
Латушка расказаў пра пасяджэнне кантактнай групы "Беларусь—ЕС" у Бруселі. Падчас гэтай сустрэчы еўрачыноўнікі прызналіся, што "Еўрапейская камісія не можа прыняць рашэнне пра прызнанне гэтага дакумента, бо гэта не ў кампетэнцыі ЕС". Прызнанне пашпартоў — выключная кампетэнцыя нацыянальных урадаў. Папярэднюю згоду на прызнанне дакумента выказалі толькі дзве краіны, яны "нават былі гатовыя даць краінавы код", адзначыў Латушка.
"Пакуль гэта, шчыра, падвісае. Падвісае з пункту гледжання [таго, што] няма ўзору — раз, падвісае з пункту гледжання прызнання", — падкрэсліў экс-дыпламат. Ён таксама расказаў пра размову з адным з намеснікаў міністра ўнутраных спраў Польшчы. Польскі чыноўнік, паводле Латушкі, заявіў, што не лічыць такое прызнанне рэальным.
Нагадаем, пра праект пашпарта Новай Беларусі стала вядома ў лютым 2023 года. У сакавіку 2024 года Аб'яднаны пераходны кабінет паведаміў пра стварэнне "пашпартнага цэнтра" і фармаванне "каманды прафесіяналаў", якая будзе займацца праектам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.