Хакеры з РФ былі ў сістэмах буйнога мабільнага аператара Украіны з вясны 2023-га

Расійскія хакеры арганізавалі магутную кібератаку

Расійскія хакеры арганізавалі магутную кібератаку / pixabay.com

Хакеры з РФ, звязаныя з расійскімі сілавымі структурамі, праніклі ў сістэмы найбуйнейшага мабільнага аператара Украіны Kyivstar, як мінімум, у траўні 2023-га. А восенню ў іх ужо быў поўны доступ. Да такой высновы прыйшлі эксперты з Службы бяспекі Украіны. 12 снежня 2023 года расійскія хакеры арганізавалі магутную кібератаку, у выніку якой дзясяткам мільёнаў украінцаў былі недаступныя мабільная сувязь і інтэрнэт.

Начальнік упраўлення кібербяспекі Службы бяспекі Украіны Ілля Віцюк кажа ў інтэрв'ю Reuters, што хакерам атрымалася сцерці "практычна ўсё", у тым ліку даныя на тысячах сервераў і камп'ютараў. Падчас нападу было "цалкам знішчана ядро тэлекам-аператара". Спецыялісты СБУ дапамаглі аднавіць працу за некалькі дзён.

Паводле ацэнак СБУ, хакеры маглі атрымаць доступ да персанальных звестак карыстальнікаў Kyivstar, устанаўліваць месцазнаходжанне іх тэлефонаў, перахопліваць тэкставыя паведамленні і, верагодна, захопліваць акаўнты ў Telegram.

Пасля нападу 12 снежня было зроблена некалькі новых спробаў нанесці яшчэ большую шкоду сістэмам Kyivstar.

Прадстаўнік СБУ заявіў, што атаку арганізавала расійская хакерская група Sandworm, звязаная з расійскай вайсковай выведкай. Раней яна ўжо праводзіла шэраг аперацый супраць Украіны.

Кібератака не аказала вялікага ўплыву на Узброеныя сілы Украіны, паколькі ў іх выкарыстоўваюцца іншыя алгарытмы і пратаколы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі