Кінакампанія Warner Brothers пацвердзіла здымкі чацвёртай “Матрыцы”
Чуткі аб вытворчасці працягу кінатрылогіі “Матрыцы” ўжо даўно ходзяць па сеціве. Аднак цяпер кінакампанія Warner Brothers афіцыйна паведаміла, што працуе над чацвёртым фільмам. Пастаноўкай і сцэнарыем зоймецца Лана Вачоўскі. А Кіяну Рыўз і Керы-Эн Мос вернуцца да роляў Неа і Трыніці адпаведна.
“Мы неймаверна рады таму, што цяпер працуем над “Матрыцай” з Ланай. Яна — сапраўдны празорлівец, унікальны і творчы рэжысёр. І мы рады, што яна напіша сцэнарый, спрадзюсуе і экранізуе новы раздзел у сусвеце франшызы,” — паведаміў старшыня праўлення Warner Brothers Тобі Эмерых часопісу Variety.
Журналісты Variety адзначаюць, што Кіяну Рыўза вырашылі запрасіць на фоне яго апошніх поспехаў. Гаворка ідзе пра стужкі “Джон Уік 3” і “Гісторыя цацак 4”. Таксама не варта забываць, што акцёр прыцягнуў увагу гульнявой індустрыі пасля таго, як стала вядома пра ягоны ўдзел у гульні Cyberpunk 2077.
Пра сюжэт карціны ў цяперашні час пакуль нічога не вядома. Пра лёс персанажа Морфіуса аўтары пакуль таксама нічога не гавораць. Аднак некаторыя крыніцы паведамляюць, што на яго ролю замест Лоўрэнса Фішбарна могуць узяць больш маладога акцёра.
Канцэпт-дызайнер арыгінальнай трылогіі таксама будзе працаваць над новай “Матрыцай”. Таксама ён пацвердзіў, што ў стужцы з'явіцца вялікая частка арыгінальнага акцёрскага складу.
Дату выхаду фільма кінакампанія пакуль не паведамляе, аднак, паводле звестак інсайдараў, здымкі стартуюць на пачатку 2020 года.
Арыгінальная “Матрыца” выйшла ў 1999 годзе і адразу атрымала статус культавай стужкі. Фільм распавядае пра вайну людзей і машын у віртуальным свеце, створаным штучным інтэлектам, каб кантраляваць чалавецтва. У 2002 і 2003 гадах выйшлі “Матрыца: Перазагрузка” і “Матрыца: Рэвалюцыя”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.