Кіраўніцтва “Аднакласнікаў” і “ВКонтакте” адрэагавала на блакіроўку ва Украіне
Прадстаўніцтва самай папулярнай сацыяльнай сеткі ва Украіне “ВКонтакте” адрэагавала на магчымую блакіроўку. Раней Пётр Парашэнка падпісаў указ аб блакіроўцы сацсетак “ВКонтакте”, “Аднакласнікі”, а таксама сервісаў mail.ru і Yandex.
У афіцыйным каментарыі прадстаўніцтва “ВКонтакте” адзначаецца, што гэтая сацыяльная сетка заўжды прытрымлівалася апалітычнай пазіцыі.
“ВКонтакте” — самая папулярная сацыяльная сетка ва Украіне, кожны месяц рэсурс наведваюць 16 мільёнаў жыхароў краіны. Украінцы ўжо дзесяць гадоў кантактуюць са сваімі сябрамі і сваякамі, аб'ядноўваюцца ў суполкі па асабістых і прафесійных інтарэсах, дзеляцца фатаграфіямі і думкамі. Мы, Каманда ВКонтакте, заўсёды абыходзілі палітыку бокам. Лічым, што інтэрнэт па сутнасці сваёй не мае межаў. Мы абаранялі і будзем абараняць інтарэсы ўсіх нашых карыстальнікаў і партнёраў”, — адзначаецца ў заяве.
Таксама сваю заяву распаўсюдзілі прадстаўнікі “Аднакласнікаў”. Дырэктар па камунікацыях Вольга Жбанава падкрэслівае, што гэтая сацсетка найперш забаўляльная.
"Аднакласнікі" — гэта ў першую чаргу забаўляльная сацыяльная сетка. Ужо шмат гадоў з дапамогай сацыяльнай сеткі сябры, блізкія і сваякі не толькі знаходзяць адно аднаго, але і маюць магчымасць абменьвацца фатаграфіямі, глядзець відэа, слухаць музыку і даведвацца важную інфармацыю з любога кутка планеты. Сэрвісы "ОК" заўсёды служылі аб'яднанню людзей па-за палітыкай і геаграфічнымі межамі. Мы спадзяемся, што інтарэсы нашых карыстальнікаў застануцца на першым месцы. Разам мы знойдзем спосаб заставацца на сувязі, і 9,5 мільёнаў украінскіх карыстальнікаў "ОК", нашы партнёры і рэкламадаўцы змогуць карыстацца сэрвісамі сацыяльнай сеткі так, як яны прывыклі”, — гаворыцца ў заяве.