Кіраўнік Алімпійскіх камітэтаў Еўропы перапрадаваў квіткі на Алімпіяду
У Рыа-дэ-Жанейра арыштавалі кіраўніка Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Патрыка Хікі па справе аб незаконным продажы квіткоў на Алімпіяду. Хікі не толькі ўваходзіць у Міжнародны Алімпійскі камітэт, але і ўзначальвае НАК Ірландыі.
Паводле інфармацыі Бі-Бі-Сі, 71-гадовага чальца МАК падазраюць, што ён перадаваў квіткі перакупшчыкам для продажу па завышаных цэнах. За дзень да гэтага ў Рыа затрымалі мужчыну, які меў пры сабе 800 квіткоў на спаборніцтвы, хаця не меў права іх прадаваць.
Паліцыя паведамляе, што пры арышце Хікі паспрабаваў уцячы. Калі паліцыянты пагрукаліся, спартовы чыноўнік прасунуў пад дзверы свой пропуск на Алімпіяду, а потым уцёк у суседні нумар гатэля, дзе да нядаўняга часу жыў яго сын.
Бразільскія СМІ падазраюць, што арышт Хікі можа быць звязаны з затрыманнем Кевіна Джэймса Мэлоны ў дзень адкрыцця Алімпіяды. Мэлона ўзначальваў кампанію THG Sports, якая, як мяркуецца, таксама займалася незаконным перапродажам квіткоў на Алімпіяду. У самой кампаніі адмаўляюць парушэнні.