Кіраўнік Рассельгаснагляду: Малочны рынак РФ "дэфармаваны" з-за Беларусі
Расійскі малочны рынак "дэфармаваны" і непрывабны для інвестыцыяў. Прычынай гэтага стаў фальсіфікат і вялікая доля беларускай прадукцыі. Пра гэта, як перадае interfax.by, заявіў кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт.
"З Беларусі прыехала 760 тысяч тон прадукцыі, Расія імпартавала 860 тысяч тон. У нас з вамі проста ідзе дэфармацыя рынку. Я бяру краіны, якія пастаўлялі традыцыйна — а іх няма сёння, усё прайгралі ў гэтай барацьбе", — заявіў Данкверт.
Кіраўнік Рассельгаснагляду паведаміў, што Новая Зеландыя была вымушаная сысці з расійскага рынку, бо не змагла канкураваць з Беларуссю: пастаўкі новазеландскага масла знізіліся да 18-20 тысяч тон з 80 тысяч тон — у чатыры разы.
Таксама страты расійскаму рынку прычыняе наяўнасць фальсіфікату. "Калі на рынку прысутнічае прадукцыя фальсіфікаваная, гэтая прадукцыя скажае рынак, нашыя вытворцы на нашым рынку ўжо другасныя. Першасныя тыя, хто ўзяў новазеландскае, спакаваў — дадаў. Альбо першасныя тыя, хто ўзяў беларускае і прадаў", — патлумачыў кіраўнік Рассельгаснагляду.