Кітай вылучыць Беларусі крэдыты больш як на 7 млрд долараў
Прычым 3 мільярды долараў дадуць па льготным крэдытаванні.
Кітай вылучыць Беларусі больш за 7 млрд долараў крэдытаў. Пра гэта падчас Беларуска-кітайскага міжрэгіянальнага бізнэс-форуму паведаміў міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі.
Па словах чыноўніка, якія перадае БЕЛТА, кітайскі бок вылучае 3 млрд долараў па льготнам крэдытаванні. Яшчэ 4 млрд долараў — гэта камерцыйны крэдыт беларускім банкам для фінансавання бізнэс-праектаў.
Таксама Зіноўскі дадаў, што 10 траўня кітайскі лідар паведаміў пра вылучэнне гранта для Беларусі — гэта будзе тэхнічная дапамога ў 800 млн юаняў на тры гады. Гэтыя сродкі накіруюць найперш на сацыяльныя праекты, у тым ліку будаўніцтва жылля. Крэдыты плануецца накіраваць у тым ліку на развіццё інфраструктуры, праекты малога і сярэдняга бізнесу.
У Беларуска-кітайскім міжрэгіянальным форуме ўдзельнічаюць прадстаўнікі 164 кітайскіх кампаній. Міністр эканомікі Беларусі кажа, што падчас дзяржаўнага візіту кітайскай дэлегацыі будзе падпісана больш за 50 пагадненняў.
Фота — БЕЛТА