Кныровіч: сітуацыя ў Беларусі склалася такая, як гэта было ў Расіі сто год таму
Беларускі бізнесмен Аляксандр Кныровіч, які нядаўна выйшаў на волю і з'ехаў за мяжу, у гутарцы з "Польскім радыё" падзяліўся сваімі думкамі пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. За кратамі ён быў 4,5 года.
"Мне здаецца, што адбылося нараджэнне нацыі, людзі ўбачылі, што ёсць мы, мы — беларусы, і колькі нас, — кажа Кныровіч. — ...Таксама стала зразумела, што ў тых людзей, якія цяпер знаходзяцца ва ўладзе, толькі дзве апоры — сілавая і ў Крамлі, больш нічога няма".
Аляксандр Кныровіч прызнаецца, што яшчэ прайшло мала часу пасля вызвалення і ён не ўсё разумее. "Але асабістыя адчуванні, што сітуацыя склалася такая, як гэта было ў Расіі сто год таму, — працягвае аповед бізнесмен. — Калі вялікая група людзей з’ехала, разлічваючы, што праз 2-5 гадоў яны вернуцца. А падаўляючая большасць насельніцтва [былой Расійскай імперыі] засталася і спаўна зведала на сабе ўвесь цяжар таго, што адбывалася пасля: грамадзянскую вайну, рэпрэсіі і многае іншае".
Кныровіч спадзяецца, што з'ехаў з Беларусі не назаўжды. Пакуль жа ён збіраецца "рэалізоўвацца як прадпрымальнік... у іншай краіне".
Кіраўнік групы кампаній “Сармат” Аляксандр Кныровіч быў асуджаны ў ліпені 2018 года за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (пазней тэрмін пакарання скарацілі на год). Ён не прызнаў сваю віну, а ў СМІ яго справу нярэдка называлі палітычнай. На волю Кныровіч выйшаў у жніўні сёлета.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.