Колькі існуе легальных калектываў з брэндам легендарных "Песняроў"?

Еўрарадыё паспрабавала разабрацца ў гэтым пытанні з дапамогай вядомага музычнага крытыка Змітра Падбярэзскага.  Нагадаем, што днямі адзін з ансамбляў “Песняры” даў канцэрт у Туле. Выступы разнастайных "Песняроў" адбываюцца ўсё часцей і ў іншых гарадах Украіны ды Расіі. Паводле слоў Змітра Падбярэзскага, акрамя беларускіх “Песняроў” у краінах былога Савецкага Саюза існуюць і іншыя легальныя прэтэндэнты на гэтую назву:

Зміцер Падбярэзскі: "У свой час, калі большая частка музыкаў разам з Барткевічам сышла, яны зарэгістравалі ці то назву, ці то гандлёвы знак у Расіі".

Пад гэтым знакам выступалі адразу два ансамблі. Кіраўніком аднаго з іх быў Леанід Барткевіч, а другога — былы дырэктар мулявінскіх "Песняроў" Ігар Свечкін. Пасля таго, як з ансамбля сышоў Барткевіч, яго калектыў працягнуў  дзейнасць пад назвай "Лявоны".

А вось "Песняры" Ігара Свечкіна дагэтуль маюць права цалкам легальна выступаць пад сваёй назвай ва ўсіх краінах, акрамя Беларусі, кажа Зміцер Падбярэзскі:

Зміцер Падбярэзскі: "Выступіць у Беларусі яны таксама могуць, але толькі з дазволу Беларускага дзяржаўнага ансамбля".

Гандлёвы знак  БДА "Песняры" зарэгістраваны толькі ў нашай краіне, але сваю назву яны могуць выкарыстоўваць паўсюль, дзе пажадаюць. Аднак у "Песняроў" Ігара Свечкіна правоў на гэта не менш, упэўнены музычны крытык:

Зміцер Падбярэзскі: "Ігар Свечкін, на тэрыторыі Расіі прынамсі, мае права называцца "Песнярамі", тым больш, што з ім працуюць тры чалавекі, якія працавалі з Мулявіным".

Акрамя гэтых двух калектываў хапае і самазванцаў, якія падманам зарабляюць грошы на канцэртах. Аднак распазнаць іх можна звычайна па тым, што яны спяваюць пад фанаграму, кажа Падбярэзскі.


Фота — www.tula.rodgor.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі