Колькі каштуе пазаўзець за Грышына і Домрачаву ў Сочы? (ПАДЛІКІ)
Беларускі НАК абвясціў зніжку на квіткі, “Цэнтркурорт” забяспечвае пражыванне. Але без тысячы долараў на Гульні так проста не трапіць
Раней нацэнка на алімпійскія квіткі складала 20%, а стала ― 10%. Еўрарадыё знайшло на сайце noc.by інфармацыю пра наяўнасць квіткоў на спаборніцтвы, дзе выступаюць беларусы.
“Трэба да нас пад’ехаць, мы падпішам дамову. Потым трэба зрабіць аплату ў “Белаграпрамбанку” і прынесці квітанцыю, ― тлумачыць спецыяліст НАКу. ― Пасля таго, як мы ўбачым грошы на рахунку, можам аддаць квіткі”.
“Ці можна яшчэ трапіць на мужчынскі фрыстайл, дзе выступяць нашы?”
Спецыяліст НАК: “Так, квіткі яшчэ засталіся, але няшмат ― сем штук. Ёсць квіткі і на біятлон, але таксама няшмат”.
Праход на спаборніцтвы мы забяспечылі. Але дабрацца ў Сочы падчас Алімпіяды і там пераначаваць няпроста і нятанна.
Просім турагенцтва “Цэнтркурорт” адправіць нас на Гульні, каб убачыць фрыстайлістаў — Грышына, Дашчынскага і Кушніра (спаборніцтвы адбудуцца 17-га лютага).
Аказалася, што самалёт “Белавіі” вылятае з Мінска 15-га, а вяртаецца днём у дзень спаборніцтваў. Таму давядзецца завіснуць у Сочы да… 20-га лютага. То бок правесці дзесьці пяць начэй!
“Аднамеснае размяшчэнне ― 4340 расійскіх рублёў (125$) у суткі. Калі двухмясцовы нумар, то 2870 расійскіх рублёў (82$) на чалавека”, ― знаёміць з коштамі спецыяліст “Цэнтркурорта”.
Калі ўжо давядзецца сядзець у Сочы, чаму б не схадзіць на біятлон. Нам прапаноўваюць змяшаную эстафету, якая адбудзецца 19-га лютага.
“Квіток на фрыстайл каштуе 876000 беларускіх рублёў, на біятлон ― 520200 рублёў. Плюс пералёт: 280 еўра ў два бакі і пражыванне”, ― складвае ўсе часцінкі пазла спецыяліст “Цэнтркурорта”.
Дарэчы, квіток на фрыстайл танней купляць у НАКу. На 80 тысяч беларускіх рублёў. Пералёт замаўляем наўпрост праз “Белавію”. Атрымалася на 23 еўра танней, чым праз “Цэнтркурорт, ― 257 еўра.
Такім чынам, пераводзім усе лічбы ў долары і падлічваем, у якую суму стане наша вандроўка на Алімпіяду.
Пералёт купляем у “Белавіі” за 350$ у два бакі. Квіткі на фрыстайл і біятлон ― у “Цэнтркурорце” (за 145$). Пяць начэй у аднамесным нумары таксама замаўляем праз тураператара ― за 625$. Усё разам атрымліваецца ― 1120$. І гэта без ежы і іншых забаваў.
Фота biathlon.by