Корпус рэактара для другога энергаблока АЭС прывязуць у Беларусь у жніўні
У жніўні 2017 года ў Астравец даставяць корпус рэактара для другога энергаблока Беларускай АЭС. Пра гэта журналістам заявіў гендырэктар дзяржпрадпрыемства "Беларуская АЭС" Міхаіл Філімонаў. Заява, як перадае БЕЛТА, прагучала на форуме "Атамэкспа" ў Маскве.
"Наколькі мне вядома, падрыхтоўка да гэтага ідзе досыць актыўна. Няма сумневаў, што ў жніўні ён ужо ў нас будзе", — падкрэсліў Філімонаў. Ён дадаў, што корпус рэактара на першым энергаблоку ўжо змантаваны.
На будаўніцтве Беларускай АЭС ужо асвоена крыху больш за 2,5 млрд долараў з расійскага крэдыту. На першым энергаблоку асвоена каля 36% сродкаў, на другім энергаблоку — каля 22%.
Першы энергаблок на Беларускай АЭС плануецца запусціць у 2019 годзе, другі — у 2020-м.