Кожны пяты асуджаны ў Беларусі падлетак парушыў закон п'яным

med.vesti.ru
med.vesti.ru

Кожны пяты асуджаны ў першай палове 2019 года беларускі падлетак здзейсніў злачынства, будучы п'яным. Вярхоўны Суд Беларусі расказаў, што ў першае паўгоддзе гэтага года было асуджана роўна 500 падлеткаў. За той жа перыяд часу ў 2018 годзе было асуджана на 3,1% менш — 485 непаўналетніх.

Больш за ўсё падлеткаў асуджана за злачынствы супраць уласнасці і парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці — 275 чалавек. З іх 198 асуджаныя за крадзеж, 20 — за рабунак, і толькі 1 — за разбой. Двое непаўналетніх асуджаныя за вымаганне, шасцёра — за махлярства, 18 — за крадзеж з дапамогай камп'ютарнай тэхнікі.

Адзін непаўналетні асуджаны за забойства і яшчэ адзін — за забойства пры перавышэнні межаў неабходнай абароны. Адзінаццаць чалавек асуджаныя за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, пры гэтым чацвёра з іх зрабілі гэта, будучы п'янымі.

За здзяйсненне злачынстваў супраць грамадскага парадку і грамадскай маралі асуджана 142 непаўналетнія. Большасць з іх — 120 чалавек — асуджаныя за хуліганства. Адзін непаўналетні — за глумленне над трупам ці магілай. Чатырнаццаць падлеткаў — за выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару, сем — за апаганенне збудаванняў і пашкоджанне маёмасці.

Шэсць падлеткаў асуджаныя за злачынствы супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды. І адзін — за злачынствы супраць асабістай свабоды, гонару і годнасці.

Колькасць прысудаў за нарказлачынствы знізілася

За незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў асуджаныя 23 непаўналетнія. Што на 11,5% менш у параўнанні з першым паўгоддзем 2018 года, у якім па артыкуле 328 КК было асуджана 26 падлеткаў.

З 500 асуджаных 51 непаўналетні прысуджаны да пазбаўлення волі. На папраўчыя работы адпраўленыя 5 непаўналетніх. Адтэрміноўка выканання пакарання прыменена да 105 падлеткаў. Умоўнае непрымяненне пакарання абвешчана 45 непаўналетнім. Да 143 ужыты прымусовыя меры выхаваўчага характару. Пяць чалавек асуджаныя без прызначэння пакарання. Да 146 асоб ужыты іншыя меры пакарання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі