Крама symbal.by вымушаная зачыніцца з 29 чэрвеня

Крама symbal.by вымушаная зачыніцца з 29 чэрвеня

Крама symbal.by у Мінску на праспекце Машэрава вымушаная зачыніцца з 29 чэрвеня. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў яе ўладальнік Павел Белавус

"Сябры, афлайн-крама symbal.by на пр-це Машэрава, 18 з 29 чэрвеня спыняе сваю працу. Запрашаем вас да канца тыдня набыць у нас што-небудзь, пакуль тавары крамы не арыштавалі і не канфіскавалі. У наяўнасці яшчэ шмат сцягоў, цішотак, кубкаў, павязак, торбаў ды іншай прадукцыі.

Чаму мы прынялі такое рашэнне? Бо супраць нас не спыняюцца праверкі, а толькі павялічваюцца", — патлумачыў прадпрымальнік.

Крама symbal.by вядомая вырабам разнастайных тавараў з нацыянальнай сімволікай. Асноўныя праблемы ў іх пачаліся 12 чэрвеня, калі ў кур'ера крамы міліцыянты канфіскавалі больш за 400 маек за надпісам "ПСІХО3%". 

15 чэрвеня ў краму прыйшла праверка з падатковай і аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. 17 чэрвеня санстанцыя пастанавіла зачыніць вытворчы цэх symbal.by. Сярод прычынаў называлася пагроза нацыянальнай бяспецы. 

"Таксама працягваецца праверка падатковай і ОБЭП, да гэтага часу ў нас няма інфармацыі, на якой падставе канфіскаваныя ў нашага кур'ера 419 цішотак ПСІХОЗ%. Ужо тыдзень ЖРЭО, ЖЭУ 2 і ЖКХ Савецкага раёну адмаўляюцца нам падключыць электрычнасць, хоць усе дамовы маем і падставаў не ўключаць яе нам няма", — пералічвае Белавус праблемы, з якім сутыкнуўся яго бізнес.

Акрамя таго, на гэтым тыдні прыйшоў ліст з Мінгарвыканкама, у якім патрабуецца на працягу трох дзён прыбраць з будынка шыльды крамы. А 23 чэрвеня, па словах прадпрымальніка, "прыйшоў прадстаўнік МНС разбірацца па ананімнай скарзе на нас, што нібыта з памяшкання ідуць непрыемныя пахі і жыхары скардзяцца, што апазіцыйная крама займаецца незразумелай вытворчасцю".

Ён не выключае, што ў бліжэйшыя дні да крамы могуць з'явіцца і іншыя надуманыя прэтэнзіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі