"Круціўся каля скрыні": у Пінску назіральніка выставілі з участка
Выбары ў Беларусі / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё
У Пінску з участка для галасавання №5 выдалілі назіральніка, давераную асобу аднаго з кандыдатаў. Пра гэта паведаміў старшыня Пінскага выбаркама Ігар Берасцень, перадае БЕЛТА.
"Ён круціўся каля выбарчай скрыні, чым абурыліся і камісія, і выбаршчыкі, — расказаў кіраўнік выбаркама Пінска. — Яму спачатку зрабілі афіцыйнае папярэджанне".
Пасля папярэджання, паводле яго слоў, назіральнік "пачаў умешвацца ў працу камісіі, вінаваціць іх у тым, што яны паказваюць грамадзянам, за якога кандыдата галасаваць". Берасцень, у сваю чаргу, растлумачыў, што сябры камісіі проста тлумачылі слабавідушчым людзям, як галасаваць з трафарэтам. "А ён гэта тлумачыў як ціск на выбаршчыкаў. У рэшце рэшт яго выставілі з участка", — сказаў старшыня камісіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.