Крушэнне самалёта Качыньскага: Змова Пуціна і Туска ці памылка пілотаў?
З часу авіякатастрофы самалёта прэзідэнта Польшчы пад Смаленскам мінула 5 гадоў. Еўрарадыё сабрала асноўныя высновы тых, хто расследаваў крушэнне.
Пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года падчас пасадкі пацярпеў крушэнне самалёт польскага прэзідэнта. Усе 96 чалавек, што знаходзіліся на яго борце, загінулі, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, яго жонка Марыя, высокапастаўленыя польскія вайскоўцы, палітыкі і грамадскія дзеячы.
Усе яны накіроўваліся ў Смаленскую вобласць, каб у 70-ю гадавіну катынскай трагедыі ўшанаваць памяць расстраляных польскіх афіцэраў савецкім НКУС.
Версія Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта
Згодна з дакладам Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта, апублікаваным у 2011 годзе, прычынамі катастрофы сталі
“няправільныя дзеянні экіпажа (рашэнне аб заходзе на пасадку і несыход на другі круг у метэаўмовах, значна ніжэй метэамінімума аэрадрома, ігнараванне сігналаў сістэмы папярэджання аб небяспечным збліжэнні з паверхняй зямлі) і псіхалагічны ціск на экіпаж.”
На думку следчых, пілоты арыентаваліся на недакладныя паказанні вышыні палёту і занадта скінулі хуткасць. Калі яны гэта заўважылі, самалёт ужо ляцеў на вышыні 30 метраў над зямлёй, таму не атрымалася ні дадаць хуткасць, ні зноў набраць вышыню. Самалёт зачапіў крылом дрэвы і разбіўся, не даляцеўшы да ўзлётна-пасадачнай паласы.
Высновы Вярхоўнай кантрольнай палаты Польшчы
Вярхоўная кантрольная палата Польшчы ў сакавіку 2012 года апублікавала свой даклад аб расследаванні прычынаў катастрофы. У ім сказана, што з 2005 года палёты найвышэйшых чыноўнікаў Польшчы ажыццяўляліся без выканання дастатковага ўзроўню бяспекі, бракавала цэласнай сістэмы працэдураў.
“Калі б польскія ведамствы ўзаемадзейнічалі як след, то прэзідэнцкі самалёт наогул не павінен быў прызямляцца ў аэрапорце “Смаленск-Паўночны”, бо той не ўваходзіў у польскі рэестр дзейных аэрадромаў для паветраных сродкаў у статусе HEAD (для VIP-персонаў)”, адзначаецца ў галоўнай выснове камісіі.
Высновы польскай ваеннай пракуратуры
Польская ваенная пракуратура галоўнымі вінаватымі ў крушэнні называюць абодвух пілотаў. Акрамя таго, частка адказнасці таксама ўскладаецца на смаленскіх авіядыспетчараў. Хоць Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт у 2011 годзе прыйшоў да высновы, што іх віны у катастрофе няма.
Польскі бок абвінавачвае іх у паведамленні пілотам недакладных дадзеных пра курс самалёта і ў тым, што праз моцны туман аэрапорт не быў зачынены.
Пракуратура ў Варшаве рыхтуе позву супраць авіядыспетчараў, але адначасова ў справаздачы падкрэсліваецца, што іх памылкі не змяншаюць віну польскіх пілотаў.
Позвы могуць быць пададзеныя не толькі супраць расійскіх авіядыспетчараў, але і супраць двух польскіх камандзіраў расфармаванага цяпер авіяцыйнага палка, які быў адказны ў Польшчы за так званыя VIP-перавозкі.
Іх абвінавачваюць у тым, што даручылі кіраванне прэзідэнцкім самалётам пілоту, які не меў дзейнага допуску кіравання. А ў штурмана наогул не было ліцэнзіі на кіраванне самалётамі такога тыпу. Па вялікім рахунку, сапраўдны допуск да выканання палётаў на ТУ-154М ў той дзень быў толькі ў бортінжынера, пішуць польскія СМІ.
Новыя звесткі з “чорнай скрыні”
У пачатку гэтага тыдня польская радыёстанцыя RFM паведаміла пра новыя дадзеныя расшыфроўкі “чорных скрыняў”. Яны пацвярджаюць, што ў кабіне пілотаў да моманту крушэння знаходзіўся галоўнакамандуючы ВПС Польшчы генерал Анджэй Бласік.
Мяркуецца, што ён, нягледзячы на экстрэмальныя ўмовы надвор’я, вымусіў пілотаў пайсці на пасадку. Выказваюцца здагадкі, што гэтага хацела і атачэнне прэзідэнта, бо дэлегацыя спазнялася на афіцыйную цырымонію.
Польскія эксперты лічаць, што Бласік вымавіў словы: “Гэта факт, мы павінныя гэта зрабіць, да канца”. Пазней, на вышыні 300 метраў над зямлёй, ён сказаў: “Смела змесцішся”. Акрамя таго, пілот за 15 хвілін да крушэння лайнера прапануе сысці на запасны аэрадром “Мінск ці Віцебск” і, звяртаючыся да трэцяй асобы, кажа: “Вернемся”.
Пракурор Галоўнай ваеннай пракуратуры Польшчы Марцін Максян афіцыйна пацвердзіў існаванне новых, больш дакладных расшыфровак “чорных скрыняў”. Але ён падкрэсліў, што “ў апублікаваных у прэсе матэрыялах утрымліваецца шмат недакладнасцяў”.
Змоўніцкая версія
У польскім выданні Gazeta Wyborcza паведамляецца пра выхад кнігі “Сакрэтныя матэрыялы С.”, нямецкага журналіста Юргена Рота. Ён прыводзіць звесткі нямецкай службы бяспекі BND, якая называе авіякатастрофу “замахам з выкарыстаннем выбухоўкі”.
Аўтар не прыводзіць у кнізе ніводнага афіцыйнага дакумента BND і адзначае, што гэтай інфармацыі можна верыць ці не, але гіпотэза бездакорна карэлюе з усімі фактамі і доказамі.
Згодна з версіяй у кнізе, авіякатастрофа была запланаваная Дональдам Тускам і Уладзімірам Пуціным. Замах здзейснілі агенты ФСБ Расіі, выкарыстаўшы польскую службу WSI, каб змясціць выбухоўку на борце самалёта. Гэтае злачынства было ўступам да агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Фота: Wikimedia Commons/user: Szater, belenko.ru, tass.ru, ria.ru, wyborcza.pl