Крымінальная адказнасць за збіццё сабакі ёсць, пакарання пакуль няма
У Лунінцы сабака памёр пасля збіцця, ужо калі ўвялі крымінальную адказнасць за здзек над жывёламі.
Акрываўленага сабаку з выпучанымі ад траўмы вачыма жыхары Лунінца заўважылі 28 студзеня. У выніку траўмы жывёла памерла. У мясцовай ветлякарні Еўрарадыё канстатавалі: сабака атрымаў траўму ў выніку моцнага ўдару ад машыны ці чалавека.
“Гэта звычайна ад моцнага ўдару бывае. Сабака знаходзіўся ля дарогі. Можа быць нехта ехаў і падбіў”.
За дзень да падзеі пачынае дзейнічаць папраўка ў Крымінальны кодэкс. Цяпер за здзек з жывёл можна атрымаць год “хіміі” ці нават год пазбаўлення волі ў выніку рэцыдыву. Але ў Лунінцы за збітую жывёлу пакуль ніхто не атрымаў ні “хіміі”, ні нават штрафу:
“Да нас не звярталіся па гэтым факце, — распавядаюць у мясцовай міліцыі. — Але там разбірацца трэба, можа, мы складзем рапарт і разбярэмся. Гэта машына збіла, відаць. Але праверку можна прызначыць, па паведамленні СМІ”.
У мясцовым аддзеле міліцыі не прыгадваюць, каб за здзек з жывёл кагосьці каралі хаця б адміністрацыйным штрафам.
Афіцыйна:
У выніку змены заканадаўства і паправак міліцыянты цяпер маюць права складаць пратаколы на тых, хто здзекуецца з жывёл. Раней гэтым займаліся толькі мясцовыя чыноўнікі. Калі грамадзянін заўважае, як нехта б'е ката ці сабаку, мае поўнае права пазваніць у міліцыю, пра што Еўрарадыё распавядае дэпутат Палаты прадстаўнікоў, удзельнік Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Наталля Гуйвік:
“Адназначна цяпер грамадзяне маюць права звярнуцца ў міліцыю. Можна выклікаць, звярнуцца з заявай. Гэта дзейсная норма будзе, бо мясцовыя органы ўлады пасіўна складалі такія пратаколы. Бо прыклады здзеку з жывёл можна прыводзіць кожны дзень. Але пакуль няма адзінага закона, дзе прапісанае паняцце жорсткага стаўлення да жывёл. На маю думку, жорсткае абыходжанне — гэта цынічнае абыходжанне, якое пацягнула смерць ці калецтва з хуліганскіх, карыслівых ці іншых памкненняў”.
Праект Закона, які б дакладна прапісваў тэрмін “жорсткага абыходжання з жывёламі” плануюць унесці ў Палату прадстаўнікоў восенню 2015 года.
Крыху статыстыкі:
За 2013 год за жорсткае абыходжанне з жывёламі былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы толькі на 33 чалавек па ўсёй Беларусі. У Мінску дакладна вядомыя 2 выпадкі, калі за забойства жывёл парушальнікі атрымалі 15 і 10 сутак адміністратыўнага арышту.
Фота: 1 mobilmusic.ru