Крыніцы "Медузы": у Крамлі ёсць ідэя правесці рэферэндум у Беларусі
Выданне "Медуза" апублікавала матэрыял пра настроі ў расійскай уладзе пасля трох месяцаў вайны. Усе крыніцы ва ўрадзе, у Адміністрацыі прэзідэнта ананімныя. Сцвярджаецца, што Уладзімір Пуцін згубіў падтрымку ва ўсіх групоўках, і яны спадзяюцца на яго сыход. Таму ўжо цяпер шукаюць магчымых пераемнікаў.
А яшчэ ў Крамлі ёсць ідэя правесці ў Беларусі рэферэндум аб "зліцці" з Расіяй. Але Аляксандр Лукашэнка "ад такога сцэнара ўсяляк сыходзіць", сцвярджае крыніца ў Адміністрацыі прэзідэнта РФ. Там спадзяюцца, што ў выніку ўдасца атрымаць яго згоду. Магчымай датай правядзення рэферэндума называецца 11 верасня 2022-га. У гэты дзень плануецца правесці рэферэндумы аб далучэнні да Расіі самаабвешчаных "Л/ДНР" і Херсонскай вобласці Украіны.
Размовы пра падобны рэферэндум вядуцца ўжо шмат гадоў. Але Лукашэнка кожны раз заяўляў, што нічога падобнага не плануецца, а Беларусь супрацоўнічае з РФ як незалежная дзяржава. Аднак вайна ва Украіне праходзіць не па расійскім сцэнары, Маскве патрэбны хоць нейкія поспехі. Таму не выключана, што ў Крамлі разглядаюць самыя разнастайныя сцэнары. Але гэта не значыць, што яны будуць рэалізаваныя. Перамога Украіны іх адназначна пахавае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.