Крыштаповіч: “Усходняе партнёрства” — палітычна смешная з’ява
Што ў ім смешнага і чаму ЕС мусіць адмяніць для нас візы, тлумачыць намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Леў Крыштаповіч
Еўрарадыё: Галоўная ўмова для паляпшэння адносінаў Беларусі з Еўрасаюзам і ЗША — вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў. Але беларускія ўлады гэтых людзей называюць звычайнымі крымінальнікамі і вызваляць адмаўляюцца. Дзе выйсце з гэтага тупіка?
Леў Крыштаповіч: Я падтрымліваю пункт гледжання нашага прэзідэнта — у нас палітычных зняволеных няма. А тыя, хто трактуе гэтую праблему ў такім ключы, зыходзяць не з пункту гледжання правоў чалавека, а з пункту гледжання палітычных інтарэсаў пэўных краін, пэўных груп, пэўных структур. Таму трэба дакладна ўсвядоміць: пакуль гэтая праблема будзе падмяняцца ўласным палітычным падтэкстам, яна не вырашыцца. Заўсёды будуць ісці па лініі, што ў Беларусі нешта не так, і таму ёй нешта трэба зрабіць, каб усё было “так”.
Давайце нават возьмем праблему зняцця санкцый з неўязнога нашага міністра замежных спраў. Відавочна, што гэта апынулася не праблемай правоў чалавека, а выключна палітычнай праблемай. Рашэнне было прынятае не ў дужках правоў чалавека, а ў дужках палітычных. Чаму тады не адмяняюцца неўязныя моманты ў дачыненні да іншых людзей, тых жа журналістаў? Яны захоўваюцца. Зыходзячы з гэтага, мы павінны разумець, што Еўрапейскі саюз зыходзіць са сваіх пэўных палітычных інтарэсаў. І таму сітуацыя скажаецца, я б нават сказаў — фальсіфікуецца ў адносінах да нашай рэспублікі. І яе трэба вывесці на нармальны ўзровень успрымання. І тады мы вырашым усе праблемы, якія нібыта стаяць. Бо яны — прыдуманыя.
Еўрарадыё: Эксперты адзначаюць, што ва ўзаемаадносінах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам назіраецца пэўная цыклічнасць: адносіны паляпшаюцца напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і пагаршаюцца адразу пасля іх. Ці, дакладней, пасля з’яўлення ў нас новых “паслявыбарных” палітзняволеных. Вы гэту цыклічнасць заўважалі?
Леў Крыштаповіч: Кажучы пра цыклічнасць у нашых узаемаадносінах, мы спыняемся на падзейным баку гэтага пытання — пералічваем нейкія падзеі, моманты і гэтак далей. Але калі браць сутнасны момант, глыбінны, то ніякай цыклічнасці няма! Наша пазіцыя, і прэзідэнт тут мае рацыю, нязменная: мы хочам добрых адносінаў з Еўрасаюзам, але на прынцыпах раўнапраўя, партнёрства, узаемнай выгады. А не на прынцыпах, што ёсць нейкі настаўнік, які будзе вучыць дэмакратыі.
Еўрарадыё: Набліжаецца саміт “Усходняга партнёрства” ў Вільні. Эксперты разважаюць: каго з беларускіх чыноўнікаў туды запросяць, якога ўзроўню чыноўнік будзе прадстаўляць нашу краіну, як на гэта адрэагуе афіцыйны Мінск. Тым не менш вядома, што ў праектах праграмы “Усходняе партнёрства” наша краіна практычна не ўдзельнічае, папярэдні саміт у Варшаве ў 2011 годзе праігнаравалі. Можа, уладам не патрэбна ні тое “Усходняе партнёрства”, ні той саміт?
Леў Крыштаповіч: Адна справа — дыпламаты, якія па сваіх абавязках мусяць казаць прыгожыя словы пра рэчы, якія па сутнасці сваёй смешныя. “Усходняе партнёрства” — гэта палітычна смешная з’ява. І да гэтай з’явы трэба падыходзіць па-смешнаму. І тады мы будзем падыходзіць да яго сур’ёзна. А спроба падыходзіць да яго сур’ёзна выглядае смешна. Трэба злавіць гэты момант — сёння рэальна “Усходняе партнёрства” трансфармуецца ва ўзаемаадносіны паміж асобнымі краінамі ў межах “Усходняга партнёрства”. Да прыкладу, Польшчу цікавіць Украіна. І яны будуць максімальна старацца наладжваць нейкія кантакты пад шыльдай “Усходняга партнёрства”. Літву цікавіць Беларусь. З прычыны гандлёвых, эканамічных адносінаў. А зараз Літва — старшыня ў Савеце Еўропы, і ёй неабходна падтрымліваць гэтую эйфарыю. Маўляў, такая маленькая краіна, а ў выніку — старшыня такой вялікай арганізацыі, як Еўрапейскі саюз! Зыходзячы з гэтага, нейкая віртуалізацыя і ідэалізацыя гэтай праграмы (“Усходняга партнёрства” — Еўрарадыё) будзе прысутнічаць без рэальных крокаў у дужках той жа, хаця б, эканамічнай інтэграцыі.
Яшчэ можна дадаць, што і іншыя краіны выкарыстоўваюць “Усходняе партнёрства” для вырашэння сваіх вузкіх задач. Да прыкладу, Грузія. Яна хоча стаць сябрам NATO. І “Усходняе партнёрства” выкарыстоўваецца імі дзеля таго, каб яшчэ раз заявіць пра жаданне еўраінтэграцыі, еўра-атлантычнай салідарнасці. Маўляў, гэта — наш еўрапейскі выбар. Але гэта ж і так зразумела. Асабліва калі Генсек NATO заяўляе, што яны будуць падтрымліваць Грузію на шляху ў NATO. Таму, неабходна падыходзіць да гэтай праграмы (“Усходняе партнёрства” — Еўрарадыё) з разуменнем, што гэта ўчорашні дзень.
Еўрарадыё: А бязвізавы рэжым з ЕС — магчымы заўтрашні дзень. Але рэчаіснасцю ён стане, калі беларускі бок нарэшце адкажа на прапанову ЕС наконт аблягчэння візавага рэжыму. Чаму маўчым?
Леў Крыштаповіч: Давайце паглядзім у глыбіню гэтай праблемы. Вось, Еўрасаюз кажа, што яны — эталон дэмакратыі. Іх каштоўнасці, іх дэмакратычныя стандарты — калі мы іх пяроймем, то станем на шлях еўрапейскага, прагрэсіўнага выбару. Я прымаю гэты тэзіс. Але тады якія цяжкасці для таго ж Еўрасаюза ці той жа Польшчы — адмяніць візы і паказаць прыклад?! Вось, зрабіў бы той жа Шарэпка (амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка — Еўрарадыё) такую заяву: “Польшча без усялякіх пакетных пагадненняў вырашае пытанне адмены віз для беларускіх грамадзян”. Вось, гэта быў бы моцны крок!
Еўрарадыё: У Еўрасаюзе межаў няма і таму, адмяняючы візы, Варшава пускае беларусаў не толькі ў Польшчу, а ва ўсе краіны ЕС! Зразумела, што палякі пры ўсім жаданні не могуць пайсці на такі крок без згоды на тое ўсіх астатніх 27 краін Еўрасаюза.
Леў Крыштаповіч: І якая тут небяспека для іншых краін ЕС? Маленькая Беларусь — няўжо ўзнікнуць нейкія складанасці для Еўрасаюза?!
Еўрарадыё: У нас з Расіяй мяжы няма — уяўляеце, колькі гасцей з праблемных рэгіёнаў нашай усходняй суседкі будзе таўчыся на памежнай з ЕС тэрыторыі?
Леў Крыштаповіч: Мы ж кажам пра адмену віз для беларускіх грамадзян. Таму не бачу тут праблем. Да таго ж, такі крок з боку ЕС (адмена віз для беларусаў у аднабаковым парадку — Еўрарадыё) паказаў бы, што яны насамрэч найперш думаюць пра правы чалавека. А то ўсё ізноў ідзе па лініі нейкага пакетнага пагаднення! Мы ж выдатна разумеем, што Украіна, да прыкладу, пайшла па гэтым шляху з-за іх афіцыйна заяўленага курса на еўраінтэграцыю, які ў пэўнай ступені рэалізуецца. І тут яшчэ пытанне, наколькі гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам самой Украіны. Мы ж у рэспубліцы кажам: “Хлопцы, мы зыходзім са сваіх нацыянальных інтарэсаў, і давайце вырашаць пытанне так, каб і нашы, і вашы нацыянальныя інтарэсы выконваліся”. І тады мы выйдзем на ўзровень узаемных кансультацый і ўзаемных дамоў. З гэтага пункту гледжання гэта праблема ўзаемная. І таму абвінавачваць альбо нас, альбо Польшчу я б не стаў — давайце працаваць.
Фота: Змітра Лукашука