Крывальцэвіч: не мае сэнсу шукаць у Курапатах палякаў, не адкрываючы архівы КДБ
Польшча хоча пачаць у Беларусі эксгумацыю сваіх грамадзянаў, якія "сталі ахвярамі савецкай сістэмы". Гэтае пытанне падчас нядаўняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам узняў маршалак Сената РП Станіслаў Карчэўскі. Палякі не пакідаюць надзеяў знайсці і перапахаваць сваіх суайчыннікаў, забітых у Беларусі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Нават нягледзячы на заявы беларускіх дыпламатаў пра адсутнасць дакумента, у якім былі б пералічаныя прозвічшы рэпрэсаваных палякаў.
Гісторык Мікола Крывальцэвіч, каментуючы гэтыя намеры, кажа, што ў Беларусі сапраўды знойдзена нямала польскіх пахаванняў перадваеннай і ваеннай пары. Іх выяўляюць па рэчах, якія вырабляліся на тэрыторыі тагачаснай Польшчы, па надпісах на польскай мове, медальёнах, каталіцкіх крыжыках і г.д. "Але гэта маглі быць людзі і з тэрыторыі Заходняй Беларусі, і з Прыбалтыйскіх краінаў. Да таго ж, што да Курапатаў [урочышча пад Мінскам, самае вядомае месца масавых расстрэлаў у Беларусі. — Еўрарадыё], дык гэта было цывільнае насельніцтва: рэчаў, пра расстрэлы ці пахаванні вайскоўцаў з тэрыторыі Польшчы там амаль не знойдзена".
На думку гісторыка, пытанне не абмяжоўваецца толькі Курапатамі. Ёсць шмат недаследаваных памежных заставаў, пакінутых палякамі у першыя дні Другой Сусветнай вайны, ёсць месцы баёў паміж польскім войскам і Чырвонай арміяй, разбураныя каталіцкія могілкі. Але, калі на тэрыторыі Беларусі і адбываліся масавыя расстрэлы і пахаванні польскіх грамадзянаў, дык знайсці іх месцы немагчыма без дакументаў з архіваў КДБ. Якія сёння ці засакрэчаныя, ці перавезеныя ў Маскву, ці ўвогуле ўжо не існуюць.
"У Курапатах вельмі вялікая колькасць пахаванняў. Капаць усё? Ці ёсць у гэтым сэнс... Тое, што там вяліся масацыя расстрэлы — гэта адназначна, і тут даказваць ужо нічога не трэба. Захавалася больш за 200 сведчанняў. Пра гэта кажуць і даследаванні, якія адбываліся ў Курапатах з канца 1980-х. Колькі не эксгуміруй пахаванняў — вынік адзін і той жа, толькі дэталі будуць удакладняцца. Паглыбіць звесткі можна толькі праз архіўныя пошукі, калі весці мэтанакіраваны пошук", — сцвярджае Мікола Крывальцэвіч.
Але ці ёсць у беларускага кіраўніцтва палітычная воля на тое, каб на хвалі адлігі ў адносінах з Еўропай пусціць польскіх спецыялістаў у гэтыя архівы — гісторыя разважаць не бярэцца. Маўляў, пра гэта трэба пытацца палітыкаў.