Крывец: Аляксандр Глеб Канстытуцыю чытаў, тросся як пацан
Вядомы беларускі футбаліст Сяргей Крывец даў вялікае інтэрв'ю сайту goals.by.
Як вядома, летась ён вярнуўся ў БАТЭ пасля таго, як пагуляў у Польшчы і Кітаі. У інтэрв'ю Крывец, між іншым, распавёў пра тое, што чытаюць барысаўскія футбалісты.
Паводле яго слоў, Аляксандр Валадзько "увесь час у iPad'e". Самым чытаючым у камандзе быў Аляксандр Юрэвіч (нагадаем, ён перайшоў у салігорскі "Шахцёр"), штотыдзень ён быў з новай кнігай (гісторыя ці "нешта сур'ёзнае").
"Глеб чытаў... Канстытуцыю — да іспыту рыхтаваўся:), — расказвае Сяргей Крывец. — Прыкольна было. Едзе, чытае, потым вочы ўздымае, распавядае нешта сам сабе. Тросся як пацан.
Падыходзіць [Ягор] Філіпенка: "Саня, чаго ты, блін, трасешся? Да ты гэты інстытут можаш сабе купіць, расслабся:)". А Глеб сапраўды вучыў. Малайчына. Гэта пахвальна".
Нагадаем, у лістападзе 2013-га Аляксандр Глеб атрымаў другую вышэйшую адукацыю — студэнцкі білет Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. У новым сезоне ён будзе гуляць за турэцкі “Коньяспор”.