Кубілюс: ЕС павінен паказаць беларусам, што яны губляюць з-за сваіх уладаў

Менавіта Еўропа павінна зрабіць усё, каб беларусы зразумелі, што яны губляюць з-за “неразумнай палітыкі беларускай улады” на еўрапейскім накірунку. І віленскі саміт Усходняга партнёрства дае такую магчымасць. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае былы прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс.

Андрус Кубілюс: “Набліжэнне віленскага саміту, дзе, мы спадзяемся, такія дзяржавы, як Малдова, Грузія і, найперш, Украіна, здолеюць падпісаць Пагадненне аб асацыяцыі з Еўропай і беларускім грамадзянам пакажуць той прыклад, якім можна карыстацца¸ каб ісці бліжэй да свабоды, бліжэй да Еўропы, бліжэй да таго жыцця, якое нам дае Еўропа”.

Але ж Украіна да гэтага часу не выканала галоўнага для падпісання ўзгаданага пагаднення патрабавання ЕС — на свабоду так і не выйшла былы прэм’ер-міністр гэтай краіны Юлія Цімашэнка. Як гэта можа паўплываць на цікавасць да нашай краіны падчас саміту? Ніяк, упэўнены Андрус Кубілюс.

Андрус Кубілюс: “Беларусь не можа спадзявацца на ўдачу ці няўдачу суседзяў. Менавіта ўдача суседзяў адкрыла б магчымасці і для Беларусі. Пры ўмове, што Беларусь будзе выконваць самыя простыя, але самыя важныя еўрапейскія ўмовы: свабода палітычных зняволеных, свабодныя выбары. А калі побач будзе Украіна, якая будзе развівацца паводле Дамовы аб асацыяцыі, то гэта быў бы добры прыклад для Беларусі. Калі ж Украіна з-за сваіх нявырашаных пытанняў застанецца без гэтай Дамовы — гэта будзе дрэнна не толькі для Украіны, але і для ўсяго рэгіёна”.

А Беларусі на саміце ў Вільні не будзе надавацца практычна ніякай увагі, дадае былы міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс.

Аўдронюс Ажубаліс: “Найперш таму, што Беларусь цягам шэрагу гадоў ідзе да ўсё большай ізаляцыі ад Еўропы. Адзін прыклад: у 2009 годзе Еўрасаюз прапанаваў Беларусі пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму. Ніякага адказу. Праз год прапанову паўтарылі — ніякай рэакцыі. Потым — ізноў і ізноў цішыня. Гэта паказвае адносіны да еўрапейскага шляху сённяшняга кіраўніцтва Беларусі”.

Паводле слоў Ажубаліса, для арганізатараў і ўдзельнікаў саміта Усходняга партнёрства абсалютна не важна, хто будзе прадстаўляць Беларусь у Вільні. Менавіта з-за такога абыякавага стаўлення нашай краіны да еўрапейскіх ініцыятыў.

Аўдронюс Ажубаліс: “Нейкіх рашэнняў па Беларусі не назіраецца — узаемаадносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю на такім нізкім узроўні, што на саміце не будзе прынята ніякіх рашэнняў. Толькі ў Віленскай дэкларацыі, палітычным дакуменце, будзе нейкі абзац датычна Беларусі. Але гэта вельмі мала ў параўнанні з тым, што магла б мець Беларусь”.

Еўрарадыё цікавіцца ў былога міністра замежных спраў Літвы, чаму іх краіна, калі не мае магчымасці ў аднабаковым парадку адмяніць шэнген з Беларуссю, не пайшла іншым шляхам — не адмяніла плату за “свае” візы.

Аўдронюс Ажубаліс: “Дзесьці траціна ад усіх віз, якія выдаюцца нашымі консульствамі, — бясплатныя. Так што мы ўжо гэта робім. Праўда, пакуль гэта робіцца для студэнтаў, грамадскіх дзеячаў, моладзі. Але паспрабаваць зрабіць такое спрашчэнне, пра якое вы кажыце, у еўрапейскай палітыцы вельмі складана, я вам шчыра скажу. Бо неабходна згода ўсіх 28 краінаў, а кожная з іх мае свае інтарэсы”.

І раіць беларусам “рубам паставіць пытанне перад беларускімі ўладамі”: чаму яны не адказваюць на прапанову ЕС і не ідуць на дыялог наконт спрашчэння візавага рэжыму і чаму не ратыфікуюць, як гэта ўжо зрабіла Літва яшчэ ў 2011 годзе, дамовы ад малым памежным руху з гэтай краінай?

Нагадаю, дэпутаты Сейма Літвы, былы прэм’ер-міністр Андрус Кубілюс, экс-міністр замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс і Мантас Адаменас наведалі 11 лістапада Мінск для падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж партыяй “Саюз Айчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты”, якую яны прадстаўляюць, і Аб’яднанай грамадзянскай партыяй.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі